У мінскай кватэры знайшлі труп жанчыны, які праляжаў некалькі гадоў. Увесь гэты час у кватэры гарэў газ і цякла вада.

Вельмі дзіўная гісторыя адбылася ў доме 125 па вуліцы Пляханава ў Мінску. У адной з кватэр знайшлі цела 52-гадовай жанчыны. Пра здарэнне паведаміў чытач «Нашай Нівы» @Mobidim.

Труп праляжаў больш за 2 гады. Увесь гэты час, сцвярджаюць жыхары дома, у кватэры нябожчыцы гарэла газавая канфорка і цякла вада з крана.

Сваю суседку Таццяну Яўменчык жыхары дома перасталі заўважаць яшчэ ў 2017 годзе. Але не надта здзівіліся — жанчына, кажуць, і так была не надта камунікабельная.

«У той кватэры жыла жанчына з дарослымі дачкамі. Малодшая дачка — якраз тая Таццяна.

Маці памерла, пасля у 2015 годзе памерла старэйшая сястра. Таццяна засталася адна. Яна нідзе не працавала, але не піла.

Вяла вельмі замкнёны лад жыцця, не размаўляла з суседзямі. Увогуле, і Таццяна, і яе сястра нібыта баяліся людзей, не размаўлялі з імі, амаль збягалі, калі сустракалі суседзяў, — расказвае суседка Таццяны.

«Дзяцей не было ні ў Таццяны, ні ў яе сястры. Жылі зусім адны. Незразумела нават, ці камунікавалі сёстры паміж сабою. Калі ў 2015 памерла старэйшая сястра, Таццяна не адразу гэта заўважыла: яны жылі ў розных пакоях і ці то не размаўлялі нават адна з адной, ці былі пасварыліся? Карацей, пасля Таццяна знайшла сястру мёртвай і выклікала міліцыю.

Дакладна, канечне, нам нічога не вядома, але падобна было, што Таццяна мела нейкія псіхічныя праблемы. Яна ніколі нідзе не працавала. За што жыла, што ела — ніхто не ведае. Нярэдка бачылі, як яна лазіла па сметніцах».

Суседзі насцярожыліся пазней — калі пабачылі, што ў паштовай скрыні Таццяны копяцца жыроўкі.

«ЖЭС ніяк не рэагаваў, проста прыносілі новыя і новыя жыроўкі, пхалі туды. Мы не ведалі, што адбываецца. Кажуць, адна з суседак адчувала, што штосьці не так і нават звярталася да ўчастковага, але той яе адшыў. Але ці праўда гэта, ці чуткі — я не ведаю», — кажа адна з жыхарак дома.

Лёс Таццяны Яўменчык стаў вядомы толькі ў сярэдзіне лютага. Пажылая жанчына, якая жыве ў кватэры знізу, заўважыла, што ў яе нешта капае са столі.

«Уначы пабегла вада. Я паднялася, ніхто не адкрыў. Пагаварыла з іншымі суседзямі, яны распавялі, што ў той кватэры даўно не відаць гаспадыні. Ну я і пазваніла рамонтнікам: кажу едзьце, рабіце штосьці, мая кватэра на вялікую суму застрахаваная! Яны прыехалі і ўскрылі кватэру. Міліцыя была, іншыя службы — агулам чалавек з 20», — кажа суседка.

Таццяну знайшлі мёртвай на кухні — яна ляжала на падлозе. Цела зусім высахла: у хаце было цёпла, форткі закрытыя. Але галоўнае, што ўвесь гэты час — год? два? тры? — на пліце гарэў газ, а з крана цякла вада, сцвярджаюць суседзі.

«Як мы не ўзарваліся, бог яго ведае. Але пасля адразу па пад’ездзе пабеглі газавікі, правяралі штосьці ва ўсіх кватэрах», — кажа суседка.

Ад чаго памерла Таццяна, суседзі не ведаюць.

«Можа, з голаду і памерла, у выніку. Каб мела зносіны з суседзямі, то яе б пакармілі, канечне. Але…

Але хадзілі чуткі, што Таццяна ці то ляжыць у Навінках на лячэнні, ці то ўступіла ў нейкую секту і там і знікла», — расказвае іншая суседка.

Але галоўная прэтэнзія ў жыхароў дома да ЖЭСа. Чаму не звярталі ўвагі, што ніхто не аплачвае жыроўкі? Калі газ сапраўды гарэў, то чаму не звярнулі ўвагу на тое, што святло ў хаце даўно адключылі за нясплату, а газам і вадой працягваюць карыстацца ўвесь гэты час?

У ЖЭУ-2 пакуль не пракаментавалі выпадак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?