Здавалася б, яшчэ ўчора і гэтая песня, і песня пра дзяўчат, якія палюбілі гарманіста, гучала з усіх прасаў, а між тым гэтыя хіты напісаныя ўжо 20 (!) гадоў таму.

Самі «Лепрыконсы» выпусцілі свой апошні альбом амаль 10 гадоў таму, але саліста Іллю Міцько да сёння пазнаюць на вуліцах.

«Ага, так і кажуць: «Прывет, Цяні-Штурхай, здарова «Ляпіс»», — смяецца Ілля Міцько.

Пра тое, чым зараз жыве Ілля Міцько, чаму не ўжывае алкаголю ўжо 3 месяцы і чаму адпісаўся ад інстаграма Міхалка, у гутарцы «Нашай Нівы».

«Я за гэтыя гады, калі нас не відаць і не чуваць, выпрацаваў пэўную схему паводзінаў у шоу-бізнэсе. Я магу жыць жыццём звычайнага чалавека, і ў той жа час працягваць займацца тым, што я люблю і зарабляць гэтым грошы. Каб не было гэтых канцэртаў, мы, мабыць, і актывізаваліся, магчыма б, і запісвалі новыя песні. А так… Шчыра прызнацца, з гадамі жарсці па музыцы сцішыліся. Ды і калі нарадзіліся дзеці, я наогул зачахліў гітару. Я люблю карпаратывы, дні гарадоў. Зараз катаем тур з Сяргеем Жукавым з «Руки вверх». Мы абазначаныя як спецыяльныя госці. Паміж аддзяленнямі іх канцэрту выходзім і паўгадзіны спяваем свае «нятленачкі». Я не хачу быць зоркай, не хачу ва ўсіх глянцах разбіраць сваё асабістае жыццё па костачках. Мяне цалкам задавальняе, хто я ёсць зараз. Я жыву звычайным жыццём. Днямі я ў сям’і: гуляю з дзецьмі, мыю посуд. Учора прывезлі шторы, сёння прывязуць канапу. Мне падабаецца гэтым займацца», — расказвае Ілля.

«Калі дазволіць здароўе, буду скакаць па сцэне і спяваць «Халі-галі» да 70 гадоў»

Сам Ілля Міцько «Лепрыконсаў» цяпер называе рэтра-style.

«Мы ўжо дыскатэка 90-х. Вось як у маім дзяцінстве пачкамі ездзілі «Блакітныя гітары», «Вясёлыя рабяты», так зараз і мы — музыка ўжо іншага пакалення. Так, у нас не было такой папулярнасці, як у «Ласкавага мая», але я ні пра што не шкадую. Я нават Уладзіміру Федаруку, нашаму акардыяністу, з якім мы і пачыналі «Лепрыконсаў», аднойчы сказаў: «Калі ты захочаш сысці з калектыву, то сэнсу больш называцца «Лепрыконсамі» не будзе. За ўвесь час існавання калектыву ў нас толькі шэсць разоў памяняліся барабаншчыкі і бас-гітарысты. Так што я не магу сказаць, каб у нас была вялікая «цякучка». Зараз «Лепрыконсы» — гэта сем музыкантаў, дзе кожны на сваім месцы. Так і граем на канцэртах олдскульненька, без падложак. Што сыгралі, то наша», — расказвае Ілля Міцько.

Ілля расказвае, што яго часам папракаюць тым, што час сталець, што немагчыма да пенсіі скакаць па сцэне і спяваць заліхвацкія песенькі.

«Чаму нельга? Калі дазволіць здароўе, я гатовы і да 70 гадоў займацца тым, што люблю. Мне ўжо амаль сорак гадоў, а, як бачыце, скачу. Праўда, сцэнічныя касцюмы давялося змяніць. Яшчэ не так даўно мы выступалі ў піянерскіх гальштуках. Але 40-гадовыя лысыя мужыкі ў піянерскай форме — гэта сумна. Таму пераапрануліся ў вышымайкі. І ў касцюмы марачкоў. Чаму вышымайкі? Ну гэта святочна і весела.

НН: Па-беларуску не спяваеце?

«Апошні раз па-беларуску я размаўляў у школе каля дошкі. А так я сам — хадзячая трасянка. Ведаеце, у мяне нават ёсць маё альтэр-эга — дырэктар Бабруйскай філармоніі Альберт Францавіч Бэйджык. У яго ёсць тры сяброўкі: Францаўна, Селівёрстаўна і Браніславаўна. Выступаюць яны дзе толькі можна! Ганарары бяруць гавяджымі лапаткамі і крыпта-валютай — бетховенамі. Трасянка — гэта спосаб падняцця настрою. Што тут гаварыць, беларуская мова знаходзіцца ў вельмі сумным становішчы. І дзяўчына, што прыходзіла па перапісе, наогул пытання пра родную мову не задала. Хаця б я назваў, відаць, рускую мову», — прызнаецца Ілля Міцько.

Я не рокер — «памры маладым». Я яшчэ пажыць хачу, таму не п’ю ўжо 3 месяцы

А з іншым спосабам падняцця настрою, з алкаголем, Ілля вырашыў кардынальна змагацца 3 месяцы таму.

«Была непрыгожая гісторыя, калі я выйшаў на сцэну п’яным. Не, я не ўпаў са сцэны, я не забыўся словы, так, здаецца, мацюкнуўся, але мне вельмі сорамна было, што я падвёў арганізатараў. Таму стараюся трымацца, хаця думкі пра алкаголь у мяне пастаянна прысутнічаюць. Я такі чувак, што калі п’ю, то п’ю сур’ёзна. Магу два літры віскару адзін засадзіць, пасля ў мяне такія шырокія мазкі з’яўляюцца. П’ю, пакуль не ўпаду. Алкаголь — гэта той жа наркотык, толькі вадкі і легальны. А ў нашай краіне ўсё зроблена для таго, каб людзі співаліся. На запраўках жа круглыя суткі прадаюць. У мяне якая праблема была? Вяртаюся я пад раніцу з гастроляў, жонка кажа: едзь у сваю халасцяцкую кватэру, там адпачні. Я па дарозе бяру з сабой маленькую бутэльку гарэлкі, выпіваю яе, у мяне з’яўляецца настрой. І я пачынаю ў 7 раніцы дзярбаніць сяброў. І тады ўжо да перамогі», — прызнаецца Ілля.

Праз тое, што аднойчы Ілля моцна выпіў перад канцэртам, ён не ўбачыў выступ сваіх куміраў дзяцінства — гурт The Offspring.

«Калі яны прыязджалі ў Мінск першы раз, мы выступалі з імі на адной сцэне. Але мне так пасля «ўчарашняга» было блага, што я выйшаў, пайграў паўгадзіны і сказаў: «Вязіце мяне дадому». Праз свой стан я не ўбачыў куміраў дзяцінства. Уяўляеце? Тры гурты: The Offspring, Nirvana і Green Day, пад якія я засынаў, калі малым слухаў іх на касетніку і па радыё!» — шкадуе Ілля Міцько.

Іллю зараз 38 гадоў, і ён прызнаецца, што цяпер усё часцей стаў задумвацца пра сваё здароўе.

«Я не рокер — «памры маладым». Я ўсё ж яшчэ хачу пажыць, хачу дачакацца ўнукаў, хачу падарожнічаць. Я ні разу не быў у Амерыцы, таксама мару з’ездзіць. Таму, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», вырашыў трымацца. Толькі вось ад курэння пазбавіцца не магу. Кава і цыгарэта — гэта мая радасць. Колькі мы разоў з жонкай праз гэта сварыліся! А я ёй кажу: «Вераніка, ты ж бачыла, за каго выходзіла замуж. Калі мы з табой маладыя аджыгалі, цябе гэта не бянтэжыла. Адзінае, што стараюся, каб дзеці не бачылі, што я палю. І дома гэтага не раблю катэгарычна», — расказвае Ілля Міцько.

«У мяне ўсё чотка, па вялікім каханні»

Са сваёй жонкай Веранікай Ілля ажаніўся, калі яму было 27 гадоў. «Я хацеў, каб жонка была адна на ўсё жыццё. Так, у прынцыпе, у мяне і атрымліваецца. Хаця не так даўно ў нас быў эпізод пражывання паасобку. Мы з Веранікай абое па гараскопе Авены. Нам цяжка саступіць адно аднаму, але, як паказала практыка, я больш мяккі. Я пайшоў на прымірэнне. Я заўсёды казаў, што ў адносінах трэба шукаць кампраміс. Трэба ўмець дамаўляцца. А жаніўся я па вялікім каханні. У мяне ўсё чотка, усё па вялікім каханні», — кажа Ілля.

У Іллі і Веранікі двое сыноў: Мірон і Матвей. Старэйшаму, Мірону, 10 гадоў. Ілля кажа, што ў дзяцей цяпер такі перыяд, калі яны фанацеюць ад ютуба, мараць займець свой уласны канал.

«Я іх падтрымліваю. Хочуць рабіць — хай робяць. Мы не прымушаем дзяцей займацца тым, чым ім не хочацца. Яны ходзяць у прыватную школу, там у іх хапае і гурткоў, і іншых заняткаў. Калі мы прыязджаем у загарадны дом, я іх адпускаю гуляць, кажу: распаліце кастрык, пабегайце з палкамі, як мы ў дзяцінстве. Не, ім гэта нецікава. Будуць сядзець каля дома ў тэлефонах. Але я імкнуся быць добрым татам. Я ім заўсёды з гастроляў прывожу «зайчыкаў хлеб». Ведаеце, што гэта? Вось у маіх дзяцей «зайчыкаў хлеб» — гэта бутэрброды «Белавіі», — расказвае Ілля.

Пры гэтым артыст прыгадвае эпізоды з уласнага дзяцінства.

«О, ведаеце, якое ў мяне было дзяцінства! Мой тата быў чыгуначнікам, мы жылі ў Брылеўскім тупіку, там, дзе стаялі вагончыкі. Так што я быў Міколкам-паравозам. У нас там нават вады не было, прыносілі ў дом у вёдрах. Прыбіральня на вуліцы. Мы кватэру атрымалі, калі мне гадоў 11 было. Я гэта да чаго? Мой тата браў з сабой на працу бутэрброды. Дзве лусты хлеба, паміж якімі клалася смажанае сала і яйка. Сала і яйка тата з’ядаў, а гэта хлеб, які набрыняў гэтым тлушчам, прыносіў мне. І за яго я быў гатовы прадаць «Мерседэс». Так што я ў пэўнай ступені традыцыю сямейную працягваю», — кажа Ілля Міцько.

Не вытрымаў плыні свядомасці і адпісаўся ад Міхалка

Акрамя канцэртаў і карпаратываў, Ілля шмат часу праводзіць у сваёй студыі гуказапісу «Super 8». Ілля прызнаецца, што шмат тут зроблена яго ўласнымі рукамі. Асабіста ён прыбіваў цвікі, каб павесіць партрэты сваіх куміраў: Цоя, Высоцкага, Мулявіна…

Паказвае на зялёную канапу:

«О, вы б ведалі, колькі зорных азадкаў тут пасядзела», — усміхаецца Ілля.

Расказвае, што альбом тут запісваў і Макс Корж.

«Першыя яго два альбомы мне вельмі спадабаліся. І наогул, да яго творчасці я стаўлюся з вялікай цікавасцю. Апошнія рэчы, праўда, не зразумеў, але гэта я спісваю хутчэй на свой узрост. Макс — вялікі малайчына», — хваліць калегу Ілля Міцько.

«Я шмат з кім сябрую. Саша Саладуха — ён мой сябар. Хто б што ні казаў, але ён знайшоў сваю аўдыторыю і шчаслівы гэтым. У яго вяселляў за адныя выхадныя па пяць штук. Моладзь яго заве, каб паўгараць, а бацькам падабаецца. Ідэальна. Я заўсёды сябрам раю запрашаць яго на мерапрыемствы. Памятаю, як пазваў на карпарат да шахцёраў. Я яму сказаў: «Саша, каб быць сваім, надзень ліхтарык шахцёрскі». І ён надзеў! Уяўляеце, на лысай галаве зіхаціць ліхтарык. Пры гэтым ён абсалютна нармальна да ўсяго гэтага ставіцца», — расказвае Ілля Міцько.

«Я да ўсіх нармальна стаўлюся. Нават да Міхалка, хаця раней у нас з ім былі непаразуменні. Адзінае, што адпісаўся ад яго інстаграма. Я проста не вытрымаў гэтай плыні свядомасці. Ды мне здаецца, што не сам ён той інстаграм вядзе, яму сказалі «Трэба!», вось ён і запісвае гэтыя відэа.

НН: А самі вы актыўныя ў сацыяльных сетках?

«Раней быў. Я гэта называў «сіняй хваляй». У добрым настоі запісваў нешта, а на раніцу першае, што рабіў, гэта чысціў сторыс», — прызнаецца Ілля.

З Богам размаўляю кожны дзень

Ілля прызнаецца, што цяпер адчувае сябе шчаслівым чалавекам.

«У мяне ёсць сям’я, дзеці, я пабудаваў дом. Пра што яшчэ марыць?» — кажа Ілля Міцько.

А марыць Міцько пра звычайныя рэчы. Напрыклад, засвоіць сноўборд.

«Год таму ўпершыню ўстаў на дошку. І мне спадабалася. Як толькі выпадзе снег, буду прасіцца ў жонкі паехаць пажыць у наш дом за горадам, каб мець магчымасць актыўнічаць. У Сочы хачу з’ездзіць, у Букавель, папрактыкавацца ў сноўбордзе. Вы не глядзіце, што я выглядаю як мех з саломай. Я вельмі люблю актыўны лад жыцця. І ў басейн часта хаджу. І вось яшчэ парада ўсім бацькам: дзеці павінны бачыць, што вы сябруеце са спортам», — дае параду Ілля.

Ілля Міцько расказвае, што паколькі ён са звычайнай сям’і, то ўсе радасці бязбеднага жыцця адчуў толькі тады, калі стаў артыстам:

«Я да 20 гадоў ні разу не быў на моры. Толькі з «Лепрыконсамі» трапіў упершыню. Ды і чаму я так распаўнеў? Бо з дзяцінства асаблівых прысмакаў не бачыў. А калі нас сталі вазіць па гастролях, сталі сяліць у пяцізоркавых гатэлях, сталі частаваць розным смакоццем, хацелася пакаштаваць усяго. Я толькі ў гадоў 35, здаецца, усім наеўся. Я люблю камфорт, люблю харошыя машыны, люблю якасную тэхніку. Мне няма на што цяпер скардзіцца. Я, наадварот, кожны вечар дзякую Богу за тое, што маю. А падзякаваць ёсць за што. «Жыццё само па сабе цудоўнае, шчасце, людзі, шукайце ў простым»…. Ёсць у мяне такія радкі, якія абавязкова калісьці складуцца ў песню», — кажа Ілля Міцько.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?