Расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны і яго Фонд барацьбы з карупцыяй апублікавалі імёны кандыдатаў, якіх яны прапануюць падтрымаць 8 верасня на выбарах у маскоўскі парламент.

Спіс апублікаваны ў рамках стратэгіі «Разумнага галасавання» — тактыкі, якая, на думку апазіцыянера, зможа паменшыць у маскоўскім парламенце колькасць кандыдатаў, якіх падтрымлівае «Адзіная Расія». Выбаршчыку трэба ўвесці адрас прапіскі на сайце, і ён атрымае імя кандыдата, за якога прапануе прагаласаваць Навальны.

Найбольшую выгаду ад «Разумнага галасавання» атрымае камуністычная партыя — за прадстаўнікоў гэтай партыі Навальны прапануе галасаваць у 33 з 45 акруг.

«Разумнае галасаванне» — гэта прыдуманая прыхільнікамі Навальнага тэхналогія, якая, на іх думку, дазволіць выбаршчыкам, у якіх няма сваіх кандыдатаў (большасць апазіцыйных кандыдатаў не былі зарэгістраваныя на выбарах) аддаць свой голас каму-небудзь з кандыдатаў так, каб кандыдат ад улады набраў як мага менш галасоў.

Фонд Навальнага прапануе аддаваць свой голас таму, хто, на думку тэхнолагаў, мае найбольшыя шанцы перамагчы кандыдата, падтрыманага мэрыяй. Як менавіта яны лічылі гэтыя шанцы, не ўдакладняецца.

Эксперты фонду Навальнага, прааналізаваўшы спісы ўсіх зарэгістраваных кандыдатаў, прыйшлі ў выніку да высновы, што ў большасці акруг шанцы перамагчы кандыдатаў ад улады ёсць у камуністаў.

«Разумнае галасаванне» стала аб'ектам крытыкі, у тым ліку і ад людзей, якія сімпатызуюць Навальнаму. Міхаіл Хадаркоўскі назваў здрадай галасаванне за кандыдатаў, якія «не заяўляюць выразна сваю пазіцыю супраць рэпрэсій і палітычнага выкарыстання крымінальнага пераследу». Замест гэтага ён заклікаў пратэставаць супраць факта саміх выбараў і псаваць бюлетэні, калі ў іх няма адпаведных кандыдатаў.

Навальны ў канцы жніўня на сваім сайце пракаментаваў самыя распаўсюджаныя прэтэнзіі да «Разумнага галасавання». Ён прызнаў, што сістэма не з'яўляецца ідэальнай, але назваў яе аптымальнай у існуючых умовах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0