Павел Юхневіч з жонкай Рамуальдай. Фота Андрэй Давыдчык. 

Павел Юхневіч з жонкай Рамуальдай. Фота Андрэй Давыдчык. 

35-гадовы Павел Юхневіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку абвесціў пра рашэнне ўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі ў якасці кандыдата ў дэпутаты.

Ён будзе балатавацца па 102-й Каменнагорскай выбарчай акрузе. Юхневіч у свой час быў адным з лідараў моладзевага руху «Зубр», потым супрацоўнічаў з «Еўрапейскай Беларуссю». Апошнія гады Павел цалкам адышоў ад публічнай палітыкі і заняўся аўтабізнэсам. Навошта яму ісці ў дэпутаты? Пра гэта Юхневіч адказаў у інтэрв’ю «Нашай Ніве».

«Наша Ніва»: Чаму вы вырашылі ўдзельнічаць у якасці кандыдата на гэтых выбарах?

Павел Юхневіч: Час вымагае дзеянняў. А людзей, гатовых да дзеянняў, крытычна мала. Калі б я бачыў, што людзей, якія актыўна бяруць ініцыятыву па абароне незалежнасці, дастаткова, то я б працаваў у звыклым для сябе фармаце непублічнай дапамогі. Так я рабіў, напрыклад, у сітуацыі з арыштаваным у Расіі Кірылам Сілівончыкам. Я не аматар публічнасці, але яе вымагае сітуацыя.

Я шчыра чакаў негатыўнай рэакцыі на сваё рашэнне, але прыемна здзіўлены той падтрымкай, якую мне аказваюць. Людзі тэлефануюць, пішуць. Некалькі чалавек сказалі, што гатовыя ўвайсці ў ініцыятыўную групу, іншыя прапанавалі юрыдычную дапамогу.

«НН»: Зміцер Дашкевіч кажа, што ў краіне столькі ўсялякай цікавай працы — толькі рабі, і зусім не абавязкова дзеля гэтага ісці ў дэпутаты.

ПЮ: Можна, канечне, як Павел Белавус зарабляць грошы на нечым беларускім — гэта файна. Дашкевіч зарабляе грошы на мэблі — выдатная справа. Бароніць Курапаты. Можна рабіць шмат чаго, але я раблю, што ўмею, да чаго ў мяне ёсць жаданне і досвед.

Фота Андрэй Давыдчык.

Фота Андрэй Давыдчык.

«НН»: Ці будзеце вы вылучацца ад нейкай палітычнай сілы?

ПЮ: Не. Умоўны Лябедзька сказаў бы, што гэта шырокая кааліцыя. Але не, гэта розныя людзі, якія прадстаўляюць «Еўрапейскую кааліцыю», былыя заснавальнікі «Зубра», блогер. Гэта група людзей, але мы не ідзём ад нейкай арганізацыі. У мяне пытаюцца: «Ты ідзеш на выбары ад «Еўрапейскай Беларусі»?» Не. Я вельмі даўно ўжо не маю ніякага дачынення да «Еўрапейскай Беларусі». Ад БНК? Не. Гэта разнастайнае кола людзей, мы ідзём на выбары, падтрымліваючы адзін аднаго, але мы не атаясамліваем сябе з нейкай апазіцыйнай структурай. У нас проста супольныя інтарэсы і задачы, а менавіта — абарона незалежнасці Беларусі. Магчымасцяў легальнай працы па сутнасці ўжо няма, апроч выбараў, гэта не 2001 год, і нават не 2006.

«НН»: Ці можаце назваць канкрэтна людзей, якія яшчэ вылучаюцца разам з вамі?

ПЮ: Напрыклад, Яўген Афнагель. Я ведаю, што будзе вылучацца Максім Вінярскі, Алесь Круткін. Можна нас назваць «легенды супраціву» (смяецца) ці былыя «зубры», хаця былых не бывае. Імёны многіх гэтых людзей кажуць болей, чым любы брэнд. У сучасным свеце людзі не вераць брэндам, яны вераць асобам.

«НН»: Што вы асабіста гатовыя прапанаваць сваім выбарцам?

ПЮ: Я гатовы прапанаваць абарону незалежнасці. Ціснуць на ўладу, мяняць сітуацыю, каб у нас была больш уцямная перспектыва. Па сутнасці, згуртаваць вакол сябе нацыяналістаў, патрыётаў. Не істотна пад якімі сцягамі. Я не буду казаць нешта пра эканамічныя рэчы (хай гэтым займаюцца эканамісты), я іду на выбары, каб перадусім бараніць незалежнасць Беларусі.

«НН»: Вы лічыце, ёсць нейкія ўмовы, пры якіх вы станеце дэпутатам парламента?

ПЮ: Я думаю, што ёсць. Яркая, моцная кампанія — гэта добрая ўмова. Задача нумар 1 не ёсць атрымаць крэсла ў парламенце. Наша задача больш грунтоўная і доўгатэрміновая. Цяпер добрая магчымасць яе пачаць выконваць. Натуральна, ёсць шмат развагаў, каго возьмуць у парламент, каго не. Я не хачу ў гэтых развагах удзельнічаць, у «Зубра» калісьці была налепка з тэкстам: «Трэба проста рабіць сваю справу». І я яе проста раблю. Я ўпэўнены ў тых, хто побач са мной. Я ўпэўнены, што да кампаніі далучыцца нехта яшчэ. Так заўсёды было. Праца не спыніцца і пасля выбараў.

Павел Юхневіч разам з дачкой Евай.

Павел Юхневіч разам з дачкой Евай.

«НН»: Часу не шкада?

ПЮ: Не, хоць яго і не шмат. У мяне быў перапынак у актыўнай публічнай працы і палітыцы, цяпер ён скончыўся. І я раблю ўсё гэта з вялікім задавальненнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?