Чытач «Нашай Нівы» з Бабруйску, Міхаіл, падзяліўся з Рэдакцыяй фрагментамі рамонту дарогі ў двары, па вуліцы Лынькова, паміж дамамі №5 і №33.

Рамонтам займалася арганізацыя БУКДПАЖФ (Бабруйскае ўнітарнае камунальнае даччынае прадпрыемства па абслугоўванні жыллёвага фонда) Першамайскага раёна. Гісторыя адбылася 5 жніўня. 

На першым відэа, дасланым у Рэдакцыю, відаць вельмі дзіўную тэхналогію: работніцы згаданай арганізацыі сушаць лужыны проста анучамі, зліваючы ваду ў вёдры. Тыя, каму пашанцавала, атрымалі савочак, каб вычэрпваць хутчэй.

Жанчыны сказалі, што на гэтую работу іх адправіла начальніца, Людміла Дыба.

Але для чаго гэта?

«Потым прыехалі машыны, рабочыя, і пачалі заліваць асфальт у ямы, — расказаў Міхаіл. — Мы з мужыкамі абурыліся: ну як так? Вы ж нашыя грошы закопваеце. Проста ў гэтыя ямы, нічым не змазаўшы… Я не эксперт, але ведаю, што працэдура павінна быць іншай. А яны проста плюх — і ўсё. Мы плацім падатак на дарогі за што? Каб яны вось так нашыя грошы выкідалі?». 

Рабочыя закатваюць у тыя ямы асфальт

Рабочыя закатваюць у тыя ямы асфальт

Мала таго, паводле ягоных словаў, рамонт дарогі аказаўся выкананы толькі на паперах — на практыцы частку ямаў пакінулі.

Мужчына пацвярджае свае словы відэа, знятым 29 жніўня, праз няпоўны месяц. 

«Наша Ніва» папрасіла кіраўніка аднаго з цэментных заводаў пракаментаваць такія алгарытмы ўкладкі. 

«Мы жывем не ў Афрыцы, тут дажджы — звыклая справа, але каб рабілі вось так… Відаць, гэта нейкія бабруйскія нанатэхналогіі, біяробаты…

Звычайна спачатку наразаецца правільная форма таго, што мы заліваем, з роўнымі кутамі — проста так у ямы асфальт не кладзецца. Калі трэба, адбойнымі малаткамі раўняюць сценкі. Увесь падмурак, усё павінна быць зачышчана — не павінна быць бруду, пылу, пяску. З таго, што відаць на відэа… Не ведаю, як яны тыя лужыны вычарпалі, але ў лепшым выпадку там бруд, я думаю.

Далей — пасля таго, як выраўнялі і вычысцілі, усё гэта змазваецца бітумнай эмульсіяй ці нечым, што ёсць. Але нармальныя арганізацыі змазваюць ёй. Гэта, умоўна, склейка, каб папярэдні і новы слой злучыць між сабой. Без яе увогуле нічога не мае сэнсу, бо такі рамонт не перажыве зіму: вільгаць трапіць, мароз сцісне, усё павылятае, бо склейкі няма», — сказаў ён.

Звязацца з адказнай бабруйскай арганізацыяй магчымасці няма, усе тэлефоны не адказваюць цягам некалькіх дзён. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?