Пры гэтым, Васіль Іванавіч зусім побач з паркам мае сваю ўласную «рэзідэнцыю», якую сціпла называе філіялам сядзібы. І шыльда аб гэтым на будынку лазні маецца адпаведная.

«Філіял» гэты абмінуць увагай проста немагчыма. Усе арт-аб’екты, малыя архітэктурныя формы, скульптуры, выкананыя з пластыкавых бутэлек, з лыжных палак, колаў, шлангаў і дратоў.

«Адкуль столькі бутэлек? — пытаемся.

«Ды жонка, халера, п'е без памяці. Яна п'е, я збіраю бутэлькі. Ратунку няма», — смяецца гаспадар незвычайнага падворку. 

Сам гаспадар сустракае нас у яркай чырвонай кашулі і ў фетравым капелюшы, які шмат чаго пабачыў у сваім жыцці.

«Адпавядаць трэба, калі такія госці прыехалі. Капялюш з нейкай гуманітаркі дастаў, палі абрэзаў, але во як глядзіцца, праўда? — пытаецца Васіль Ладзята.

Васіль Іванавіч сыпле жартамі і вымаўляе словы на адэскі манер.

«Шо, ха-ха. Я-такі вам праўду кажу, што зараз у шашкі з вамі гуляць на кукарэку. Хто прайграе, садзіцца на кукішкі і кукарэкае, а думалі вы», — жартуе гаспадар і дэманструе, як усё будзе адбывацца.

Аздабляць свой участак Васіль Іванавіч пачаў 12 год таму, акурат тады, як выйшаў на пенсію.

Я працаваў са «святочнымі» дзецьмі

У Васіля Ладзяты працоўны стаж — 36 гадоў. Менавіта столькі ён працаваў настаўнікам фізкультуры ў Станькаўскай школе-інтэрнаце.

«Ведалі б вы, з якім кантынгентам даводзілася працаваць. Я іх называю «святочныя» дзеці. Дзеці, якіх бацькі нагулялі і кінулі, дзеці, у чыіх бацькоў свята і выпіўка кожны дзень. Але, асмельваюся думаць, што я быў усё ж не дрэнным настаўнікам, бо кожны год да мяне прыязджаюць выпускнікі. Мы збіраемся ў маёй альтанцы, якую я зрабіў уласнымі рукамі, палім камін, гуляем у шашкі», — расказвае Васіль Ладзята.

Шмат экспанатаў у Васіля Іванавіча — якраз са школы. Спісвалі пласцінкі з фізкультхвілінкамі, Васілю яны спатрэбіліся, спісвалі старыя лыжы — і ім у гаспадарцы Васіля Іванавіча знайшлося месца.

«Драўлянага Скарыну выкінуць хацелі, ці чулі вы такое дзіва? Скарыну ў печ! Я забраў, прымацаваў побач са сваёй уласнай «дошкай гонару». Ну і Леніна выратаваў за кампанію. Прыбіў на даху, хай будзе», — Васіль паказвае на дах лазні.

Прыехаў Васіль Ладзята ў Станькава па размеркаванні пасля заканчэння Інстытута фізкультуры.

А нарадзіўся «Кулібін», як яго называюць мясцовыя, у Нясвіжы. Васіль Іванавіч расказвае, што яго дзед быў яўрэем, тамадой на вяселлях. І да гэтага яго ўсе на радзіме называюць Васілём Рабінавым.

Пасля з’ехаў у Гродна, паступіў там у вучылішча, адтуль Васіля забралі ў армію ў Віцебск.

«Васіль, я выйшла замуж»

Яшчэ падчас вучобы ў Гродне ў Васіля Ладзяты здарылася першае каханне, успаміны пра якое, ён захаваў на ўсё жыццё.

Сваю альтанку, тую самую, дзе ён сустракаецца з сябрамі і сваімі выпускнікамі, Васіль Іванавіч называе «дэмбельскім альбомам». Сцены альтанкі ўпрыгожаныя армейскімі фотаздымкамі Васіля, фотаздымкамі танкаў.

Служыў Васіль Ладзята ў танкавых войсках.

За шклом на сцяне безліч фотаздымкаў-напамінаў пра гэта. І ёсць яшчэ сфатаграфаваны ліст ад дзяўчыны.

Ліст пачынаецца словамі: «Мне вельмі балюча адказваць на твой ліст, але я павінна напісаць праўду. Вася, я выйшла замуж. Хаця я люблю цябе. Але я ў гэтым не вінаватая… Вінаваць сам сябе, што згубіў мяне. За каханне час ад часу трэба змагацца. Бывай! Валя».

Вось такая драма, якая да сёння, праз 50 гадоў, нагадвае пра сябе праз шкло дэмбельскага альбома.

«Я вярнуўся з арміі, прыйшоў да яе, прыгожы, у новай форме, у пагонах. Паглядзеў і сказаў радком з песні: «Пражыву як-небудзь».

А пасля, тут, у Станькаве, Васіль Ладзята пазнаёміўся ў школе з настаўніцай пачатковых класаў, дзяўчынай Галяй, якая нарадзіла Васілю дзвюх дачок, і з якой яны і да сёння жывуць душа ў душу.

«У маёй Галі было сем кавалераў. Уяўляеце, сем! Што ха-ха? Усіх давялося раскідаць. Галя — чыстакроўная полька, з характарам», — хваліцца жонкай Васіль Іванавіч.

У гэты час Галіна вітаецца і з вядром ідзе ў бок цяпліцы. Сапраўды, строгая.

«Строіць вас?» — пытаемся.

«Ой, хто мяне можа пастроіць», — кажа Васіль Іванавіч і на ўсякі выпадак паніжае голас. Праводзіць жонку позіркам, пераконваецца ў тым, што яна нас не чуе, і працягвае:

«А цяпер пойдзем, пакажу адрыну. А не, спачатку мёдам з яблыкамі пачастую», — кажа Васіль.

Два яйкі, смятана і каньяк — найлепшы сродак для мужчын

На пенсіі, прызнаецца Васіль Ладзята, ён займаецца пчалярствам, вырошчвае бульбу дый наогул усякаю гародніну. А вось пенсія, прызнаецца Васіль, яму не патрэбная.

«Я яе наогул не атрымліваю. Ведаю, што недзе 500 рублёў маю, у мяне ж і стаж вялікі, і ўзнагароды розныя. Але нашто мне грошы? У мяне ўсяго хапае», — расказвае гаспадар, і ў гэты час робіць у яблыку адтуліну і кладзе ў яе лыжку мёду.

«Вось так, частуйцеся, так смачней за ўсё», — удакладняе гаспадар.

Тая самая адрына, у якую заве Васіль Іванавіч — гэта двухпавярховы домік, сапраўды, забіты сенам. Унутры — вялізны ложак, спадарожнікавае тэлебачанне, на сценах сушыцца мята, на канапе сядзіць Мішка з алімпійскімі колцамі.

«Ой, ведалі б вы, як тут спіцца, а калі яшчэ не са сваёй жонкай, оооой», — смяецца Васіль Ладзята.

«Бачыце, тут злева ў мяне куратнік. Расказваю рэцэпт, можа каму з вашых мужыкоў спатрэбіцца. Выпіваеш перад тым, як ісці начаваць на сена, не аднаму канечне, 100 грамаў каньяку, затым запіваеш іх двума свойскімі яйкамі, і заядаеш лыжкай смятаны. Адказваю, сродак самы дзейсны. Клянуся, мне пасля яшчэ барышы ўдзячныя сябры прыносілі», — хваліцца Васіль Ладзята.

Каля адрыны ў Васіля Ладзяты — сапраўдны спартыўны цэнтр. Нават алімпійскія колцы з пластыкавых бутэлек прымацаваныя. Праўда, перавернутыя. Чаму яны вісяць дагары нагамі, гаспадар сядзібы не тлумачыць.

«У мяне тут і дартс, і цір, і більярд, і трэнажоры. Раней дзеці з інтэрната прыходзілі, займаўся з імі. Новыя штукі выдумляў, а вось няма больш натхнення. На Новы год у мяне ўсе гэтыя пластыкавыя ялінкі агеньчыкамі гараць, зіхаціць усё і пералівацца. Катамаран зрабіў, каб па возеры плаваць, вудзіць рыбу. Вось зрабіў «Ламбарджыні», захочаш, а не звалішся», — расказвае Васіль Іванавіч і выкочвае з гаража трохколавы ровар.

Новыя пальмы, кактусы і ялінкі, сапраўды, даўно не з’яўляюцца ў Васіля Ладзяты.

«Я ўсе пластыкавыя бутэлькі перацягаў, што былі на сметніку побач з сядзібай Чапскага», — смяецца Васіль.

Кот у мяне быў лячэбны

У альтанцы ёсць фотаздымак, Васіль трымае на руках вялізнага рудога ката.

«Пойдземце, пакажу вам Эйнштэйна», — кажа Васіль Ладзята, ківае ўбок, і нечакана робіцца вельмі сур’ёзным.

За адрынай замест сустрэчы з дзіва-катом — пагорачак. На ім — фота ката і подпіс: «Марцін-Эйнштэйн забіты варварамі».

«Марцін прыбіўся да мяне ўжо дарослым катом. Сядзе, бывае, збоку, лезе пад паху і глядзіць у вочы: «Ну, ты дасі чаго паесці?». А вось быў год, пакутаваў я на арытмію. Лягу на гамак, Марцін прыйдзе, возьмецца за кашулю там, дзе сэрца, і насмоктвае. Лячыў ён мяне, значыць. За гэта і атрымаў мянушку Эйнштэйн. Разумны быў. Забілі яго вырадкі нейкія. Калі я знайшоў Марціна, у яго ўся спіна была ў ранах ад куль. Ну скаты ж. А больш такога разумнага ката я не сустракаў. Я так разумею жыццё: трэба, каб заўсёды былі побач свае людзі. Не важна, кот гэта ці чалавек, але каб твае, тыя, з якімі ты адна каманда. Тады і жыцца будзе лёгка», — уздыхнуў Васіль Ладзята.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?