Як жа так атрымалася, што беларус Фальчэўскі, які і мора ніколі не бачыў, увайшоў у склад зборнай Савецкага Саюза па парусным спорце?

Аляксандр Фальчэўскі нарадзіўся ў Мікалаеўскай вобласці ва Украіне, але сям’я пераехала ў Беларусь. Аляксандр прызнаецца, што ён сябе лічыць беларусам і з’яўляецца «страшэнным патрыётам». Можа, таму яго так і не прывабіў Лазурны Бераг, дзе падчас рэгат не раз спынялася каманда Аляксандра.

«Я скончыў акадэмію фізвыхавання, займаўся вольнай барацьбой. І неяк раз разгаварыўся са сваім сябрам Славам Варначкіным. Ён марыман сапраўдны, трызніў морам з дзяцінства. І вось Славік кажа, што ім у каманду патрэбны чалавек. Казаў, што нічога мне нават не давядзецца рабіць. Так, па драбязе — падай-паднясі. Гэта быў 1989 год. Каманда рыхтавалася да рэгаты на Кубак ЗША, якая павінна была адбыцца ў 1992 годзе», — расказвае Алякандр Фальчэўскі.

Сапраўды, падрыхтоўка да рэгаты пачалася за чатыры гады, бо неабходнай умовай удзелу была яхта, якая павінна быць пабудаваная менавіта для гэтага старту.

«Мы паехалі ў Эстонію будаваць яхту і трэніравацца. Тады я зразумеў, што гэта спорт вялікай палітыкі і аграменных грошай. Нашу каманду асабіста курыраваў міністр юстыцыі СССР. Тытульным спонсарам каманды быў «Аэрафлот». Я тады не разумеў, ці даюць яны грошы на яхту, але для нас, удзельнікаў рэгаты, пералёты былі абсалютна бясплатныя ўсюды, куды лётаў «Аэрафлот». Як толькі я ўвайшоў у каманду, забыўся, што значыць эканоміць грошы. Усё для нас было па найвышэйшым разрадзе: ад харчавання да экіпіроўкі.

Заробак нам прывозілі ў мора. У месяц я зарабляў тады каля 3000 даляраў. А ўявіце сабе, рэгата магла доўжыцца шмат месяцаў. Бывала так, што прывязуць грошы, а ў нас усё мокрае. Не было сухога адзення! Ніводнай рэчы сухой на борце не было. Так і казалі: ну куды мы дзенем гэтыя грошы, яны ж змокнуць, вязіце назад.

Вернемся на сушу, там атрымаем. А пасля нават было такое, што забываўся грошы забраць. Не так даўно разбіраў рэчы, знайшоў распіску, што мне засталіся вінны 5000 даляраў. Так, цяпер магу сказаць, што багацця я хапануў поўнай мордай, як бегемот. Шкада, што ўсё гэта хутка скончылася», — узгадвае Аляксандр Фальчэўскі.

Хутка скончылася, тлумачыць Аляксандр, бо парусны спорт — вельмі дарагі. І калі ў Расіі ў 1998 годзе здарыўся эканамічны крызіс, аказалася, што больш ніхто не хоча ўкладаць у яго шалёныя грошы. 

Першая рэгата, у якой узяў удзел Аляксандр Фальчэўскі, была на Кубак ЗША.

«Яхта была вялікая, экіпаж — 24 чалавекі. Назвалі яхту тады вельмі па-савецку — «Red Star». Удзел у рэгаце каштаваў тады 200 000 даляраў. Гэта вельмі вялікія грошы! Я нават баяўся ўявіць сабе, які ж прызавы фонд чакаў пераможцаў. Памятаю, да гэтай рэгаты вельмі сур’ёзна падышла каманда, здаецца, Швецыі. Яны выставілі некалькі яхт, якія былі абсталяваныя на найвышэйшым узроўні. Але яны занялі другое месца, а іх уладальнік застрэліўся, калі зразумеў, што каманда прайграла», — расказвае Аляксандр Фальчэўскі.

Пасля былі і міжнародныя, і сусветныя спаборніцтвы. Былі і еўрапейскія, і амерыканскія, і кругасветныя рэгаты.

Сказаць, што праца яхтсмена — гэта адпачынак і кайф, будзе самай вялікай хлуснёй.

«Было невыносна цяжка. У шторм даводзілася мяняць ветразі, напрыклад. Ведаеце, што адбываецца ў гэты час? Яхту кідае ў розныя бакі, табе трэба на самым носе яхты адшпіліць адно ўмацаванне для ветразя і прышпіліць другое. А ўмовы такія, што ты фізічна гэта зрабіць не можаш. Салёная вада плешча табе ў твар, трапляе ў рот, а табе трэба гэта зрабіць, бо ад таго, які ветразь будзе ўсталяваны, залежыць праца астатняй каманды, залежыць хуткасць яхты. І вось ты боўтаешся на палубе, наблізішся на сантыметр, а цябе зноў хваля адштурхоўвае назад. Пакуль дасі рады заданню, у цябе ўсе рукі раздзёртыя да крыві, бо ты імі хапаўся за тросы, каб учапіцца, застацца там, дзе ты павінен быць. А здаралася, што нешта пойдзе не так на самым версе мачты. І ты вымушаны лезці на самы верх. Ведаеце, якая вышыня мачты была ў нашай яхты? 36 метраў. Гэта трэба было лезці на вышыню 10-павярховага дома, каб зрабіць сваю працу.

Глядзіш адтуль уніз, а яхта здаецца велічынёй з карабок запалак. Я кожны раз, калі вісеў наверсе, думаў: «Усё, вярнуся на сушу, адразу ў Мінск, хопіць з мяне».

А было і такое. У рэгату з сабой бярэцца каля дзесяці розных ветразяў. Яны складваюцца з аднаго борта. Важыць адзін ветразь каля 50 кілаграмаў. І вось калі шкіпер дае каманду паварочваць, дзяжурны экіпаж павінен хуценька перацягнуць гэтыя ветразі да другога борта. Яхта праходзіць невялікі кавалак шляху і зноў каманда: «Перакласці ветразі!». За дзень, бывала, так нацягаешся іх. А пасля так было. Камандуе шкіпер, а ты стаіш каля гэтых ветразяў і думаеш: «А на х… гэта трэба. І так фінішуем. Чыста па-руску. Пры гэтым мы перамагалі прэстыжныя рэгаты», — успамінае Аляксандр.

Але, акрамя нечалавечых умоў, нават у моры здараліся сустрэчы, якія былі вартыя ўсіх выпрабаванняў. Адна з такіх сустрэч пазнаёміла Аляксандра Фальчэўскага з падарожнікам Фёдарам Конюхавым.

«У канцы 90-х Фёдар Конюхаў ужо быў даволі вядомым чалавекам. У яго тады быў свой часопіс. Ён маляваў і прадаваў свае карціны. Я памятаю, ён тады вельмі хацеў на гэтыя грошы пабудваць цэркаўку ў сябе на радзіме. І я не ведаю, але неяк ён трапіў да нас на яхту. У нас быў свой штаб, дзе менеджары, журналісты займаліся нашым піярам. Недзе пад Алжырам гэта было. А трэба разумець, што там самы спрыяльны клімат. Ціха, ветру няма, можна цалкам расслабіцца. А ноччу зоркі так блізка, што, здаецца, у іх можна тыцкаць пальцам. Вось у адзін з такіх вечароў сядзім мы з ім на палубе. А Конюхаў кажа: «У меня так-то сегодня день рождения». А ён окае, ведаеце. Мы кажам: «Федзя, дык трэба адзначыць». Прынеслі бутэльку віскі. А ён: «Я так-то не пью совсем. Мне бы кашки рисовой. Я так-то поел бы». Прыгатаваў яму я той кашы. А я ўмею гатаваць. Каша атрымалася пышная, з маслам. Конюхаў вельмі светлы чалавек. Трэба было бачыць удзячнасць у яго вачах. І вось некалькі гадоў таму Конюхаў прыехаў у Мінск, адкрываў царкву ў Лошыцы, мы з ім убачыліся. Ён першы мяне заўважыў. Я запрасіў яго да сябе дадому, ён абяцаў у наступны раз абавязкова заехаць, а мне падарыў фотаздымак з аўтографам, на якім пажадаў прайсці мне свой асабісты мыс Горн», — расказвае Аляксандр Фальчэўскі.

Мыс Горн — гэта знакавы пункт для ўсіх маракоў. Падчас кругасветных рэгат маракі амаль заўсёды абгінаюць мыс Горн. Там амаль круглы год ідзе дождж і дзьме моцны вецер. І абагнуць гэты мыс — значыць у пэўнай ступені пераадолець сябе.

Сёння Аляксандр прадаў кватэру ў Мінску, а купіў дом непадалёк ад Вілейскага вадасховішча. Працуе выратавальнікам на вадзе ў дзіцячым цэнтры «Надзея».

На пытанне, ці не сумуе па марах і акіянах, ён адказвае:

«Я прайшоў свой мыс Горн. Цяпер у мяне «сваё мора». Я арандую возера, разводжу рыбу, пасадзіў памідоры, хаджу на паляванні. А, калі разабрацца, ніколі я вады і не любіў. Я зямлю люблю. Сваю зямлю», — адказаў Аляксандр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?