Джон Болтан, дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы, прыедзе ў Беларусь. Калі візіт адбудзецца, ён стане самым прадстаўнічым прыездам амерыканцаў за 25 гадоў. 

Болтан мае рэпутацыю «ястраба», які лічыць, што замежную палітыку трэба праводзіць з пазіцыі сілы. У Беларусь Болтан прыедзе праз Кіеў. 

Што азначае гэты візіт і чаго чакаць ад яго? «Наша Ніва» распытала аналітыкаў і дыпламатаў. 

«Гэта працоўнае ўзаемадзеянне, вельмі патрэбнае абедзвюм краінам, — так ацэньвае гэты візіт былы начальнік аддзела ЗША і Канады Міністэрства замежных спраў Беларусі Ігар Губарэвіч. — У той жа час такі візіт беларускім уладам цяжка прадаваць як прызнанне», — кажа ён.

«ЗША такая краіна, што сам факт сустрэчы на найвышэйшым узроўні (ці нават узроўні міністраў замежных спраў), а там больш візіт такіх асобаў у Беларусь — гэта вельмі пазітыўны сігнал ад Амерыкі, у пэўным сэнсе заахвочванне, прэмія», — дадаў Губарэвіч.

«Гэта пазітыўная падзея, сігнал умацавання незалежнасці і суверэннасці Беларусі», — сказаў «Нашай Ніве» і дыпламат адной з еўрапейскіх краін.

Губарэвіч адзначае, што Джон Болтан — амерыканскі чыноўнік найвышэйшага рангу, які наведае Беларусь пасля таго, як у Мінску ў 1994 годзе пабываў з візітам прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.

«У папярэднія гады Аляксандр Лукашэнка задавольваўся сустрэчамі з чыноўнікамі на ўзроўні начальніка аддзела Дзярждэпартамента.

Візіт Болтана — унікальная магчымасць абмеркаваць пытанні бяспекі ў нашым рэгіёне з чалавекам, які ўваходзіць у найбліжэйшае атачэнне Дональда Трампа. Хуткіх і лёсавызначальных наступстваў гэтага візіту чакаць не варта, але сігнал у Маскве пачуюць», — падсумаваў былы беларускі дыпламат. 

«Трэба разумець «падзел працы» у амерыканскай замежнай палітыцы, — патлумачыў «Нашай Ніве» адзін з дзейных супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў. — У гэтай сістэме Пампеа, напрыклад, займаецца сістэмным прасоўваннем амерыканскіх інтарэсаў, а Болтан вырашае крызісныя пытанні. Яго праца абапіраецца на шырокае кола ацэнак: дыпламатычных, экспертных, разведкі.

І прыезд Болтана ў Беларусь азначае, што сітуацыя вакол «паглыбленай інтэграцыі» ацэньваецца амерыканцамі як сур'ёзная, здольная незваротна змяніць палітычны ландшафт Усходняй Еўропы. Таму, здаецца, асноўная мэта візіту — даведацца пра будучыню Беларусі ў кантэксце «паглыбленай інтэграцыі» непасрэдна ад беларускага кіраўніцтва, — сказала нам крыніца ў МЗС.

— А апроч абмену думкамі адносна Расеі бакі могуць паразмаўляць пра развіццё двухбаковых адносін з Беларуссю, узмацненне амерыканскай прысутнасці ў Польшчы, працэсы ва Украіне. Вельмі імаверна, што беларускі бок за перамоўным сталом будзе прасіць пра нейкі афіцыйны крок, накшталт візіту Трампа.

У 90-я гады Захад адмовіўся ад Беларусі, і гэта была вялікая памылка», — кажа беларускі дыпламат.

Беларускі палітолаг Дзяніс Мельянцоў лічыць, што бакі будуць гаварыць пра стрымліванне Расіі. 

«Адносіны з ЗША цягам некалькіх год паляпшаюцца такімі маруднымі, але няўхільнымі тэмпамі. Хай знакавых палітычных візітаў не было, але нібыта мы аднавілі дыпламатычныя адносны і плануем абмен амбасадарамі. 

Напэўна, прыйшоў час, калі нейкімі візітамі трэба абмяняцца. Гэта адзін з чыннікаў, я думаю. Другое — Беларусь стала больш цікавай ЗША праз нашае стаўленне да канфлікта ва Украіне і новае геапалітычнае становішча краіны між Расіяй і еўрапейскімі саюзнікамі Штатаў. 

Дактрынальна мы ў стратэгіі па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, агучанай Мітчэлам: краіна, якая стрымлівае расійскі імперыялізм. І цікавасць падвышаецца», — кажа Дзяніс Мельянцоў. 

Як бы на такі візіт маглі адрэагаваць у Расіі? 

«Расійскія СМІ адрэагуюць нервова, пададуць гэта як пераарыентацыю на Захад, але расійскаму МЗСу ясна, што ніякай пераарыентацыі насамрэч няма, у тым ліку вайскова — мы саюзнікі.

Ды і прад'яўляць няма чаго, бо інстытуцыйна нават цяпер, пад санкцыямі, узровень кантактаў Расіі і ЗША больш высокі, чым у нас — яны самі рэгулярна сустракаюцца з амерыканцамі», — сказаў Дзяніс Мельянцоў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?