Зноў пайшлі размовы пра адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу ў Беларусі. Як чалавек, які частку жыцця пражыў у маленькім Старадарожскім раёне, цалкам гатовы падтрымаць самы радыкальны варыянт (са скасаваннем абласцей і ўзбуйненнем раёнаў). І вось чаму.

У 1939 годзе на Старадарожчыне жыло ажно 53 тысячы чалавек, з іх 49 тысяч — у вёсках. Зараз, у 2019 годзе, паводле афіцыйнай статыстыкі, у раёне засталося каля 19 тысяч жыхароў (думаю, рэальныя лічбы яшчэ меншыя). Прычым у вёсках засталося каля 8-9 тысяч чалавек. Колькасць насельніцтва раёна змяншалася катастрафічна яшчэ з 50-ых гадоў. Тады, нягледзячы на высокую нараджальнасць, калі ў жанчын было па 4-6 дзяцей, насельніцтва ўсё адно змяншалася, праз моцны міграцыйны адток. Адмоўнае міграцыйнае сальда застаецца і зараз, але пры гэтым няма і той нараджальнасці, што была. Вёскі проста пусцеюць на вачах, як пасля нейкай варожай навалы. Пачатковая школа ў суседняй вёсцы Будзенічы, куды хадзіла мая маці, даўно закрытая, яшчэ ў часы яе навучання. Школы ў суседняй адносна вялікай вёсцы Палажэвічы ўжо таксама няма — там засталіся толькі яслі-сад. Калі глядзіш на гэтыя закінутыя крамы, школы, млыны, клубы, ты разумееш, што ніякага жыцця, сямейнага, эканамічнага, культурнага, там ужо ніколі не будзе. І з гэтым трэба проста змірыцца. Мінімум 3 фактары не пакідаюць такім месцам ніякіх шанцаў. Гэта і варварская савецкая калектывізацыя, якая разбурыла гаспадарчыя сувязі і вясковы чалавек развучыўся працаваць, гэта і сучасная глабалізацыя, гэта і сучасная дэмаграфічная стадыя, пры якой нараджальнасць вельмі нізкая. Захаваць памяць і традыцыі — найлепшае, што мы можам зрабіць у такой сітуацыі.

Чытайце таксама: Пятнаццаць раёнаў Беларусі, якія варта было б ліквідаваць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?