Праект праграмы па інтэграцыі Беларусі і Расіі ў найбліжэйшы час будзе прадстаўлены Аляксандру Лукашэнку. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас у інтэрв'ю праграме «Размова ў прэзідэнта».
Адказваючы на пытанне аб падрыхтоўцы праграмы дзеянняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве, Сяргей Румас праінфармаваў, што яна практычна ўзгодненая. «Мы ў аўторак ужо ўнясём кіраўніку дзяржавы праект гэтай праграмы для адабрэння, каб ужо ў пачатку верасня (у мяне ёсць дамоўленасць з маім калегам Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым) прэм'ер-міністры парафіравалі гэтую праграму», — сказаў Румас.
Сяргей Румас коратка выклаў сутнасць праграмы. Рэалізацыя яе канцэпцыі будзе азначаць выкананне прынцыпу «дзве краіны — адзін рынак». Ён падкрэсліў, што ў дакуменце няма пытанняў палітычнага характару.
«Думаю, пасля парафіравання ўрады дзвюх краін апублікуюць яе, каб у грамадскасці былі знятыя асцярогі наконт пытанняў суверэнітэту і іншых», — адзначыў ён.