«Улада ў крымінальным свеце Беларусі без бою ўступлена «дубайцам», хроснікам клана Аніяні-Джангвеладзэ.

Былы галоўны злодзей РБ Саша Кушнер у дзень вырашальнай «стрэлкі» з апанентам збег у Турцыю і да гэтага часу не адказаў на кінуты выклік. За яго галаву абяцаная зладзейская карона», — такія навіны паведамляе расійскае інфармацыйнае агенцтва «Прайм Крайм».

Паводле крыніц агенцтва, новым «галоўным» беларускім злодзеем ў законе стаў жыхар Слуцка 45-гадовы Алег Герасімовіч, вядомы ў крымінальным свеце пад мянушкамі Муму і Алег Слуцкі. Герасімовіч быў «каранаваны» ў снежні 2012 года разам з мінчуком Паўлам Аляксеевічам, ён жа Паштэт, жыхаром Барысава Русланам Лебедзевым, ён жа Лебедзь, і гамельчуком Аляксандрам Мядзведзевым па мянушцы Медзведзяня. Статус злодзеяў у законе яны атрымалі на сходцы ў Дубаі, адсюль і выраз «дубайская чацвёрка». Іх «хроснымі бацькамі» выступілі беларускія «законнікі» са стажам, што канфліктавалі з кланам Дзеда Хасана, — ураджэнец Гомеля Аляксандр Цімашэнка і Дзмітрый Галееў, яны ж — Цімоха і Галей. Цімоху застрэлілі ў маі 2013 года ў Падмаскоўі, а Галей сядзіць — у сакавіку 2014 ён атрымаў 10 гадоў строгага рэжыму за вымагальніцтва.

Дзед Хасан «каранаваў» Аляксандра Кушнерава вясной 2011 года, прызначыўшы яго пры гэтым «сматрашчым» за Беларуссю. Міжкланавае зладзейскае супрацьстаянне, натуральна, адбілася на ўзаемаадносінах беларускіх «законнікаў». Кожны з бакоў адзін аднаго не прызнаваў і прызначаў у рэгіёнах сваіх «сматрашчых». Да сур'ёзных разборак справа не даходзіла, было некалькі канфліктных сітуацый, але без крыві.

Бакі збіралі сходкі, прымалі рашэнні ў дачыненні да сваіх ворагаў і накіроўвалі кур'ерскай поштай ва ўсе бакі прагоны. Аўтарытэтныя падпісанты заяўлялі аб непрызнанні зладзейскіх паўнамоцтваў сваіх канкурэнтаў, маўляў, «яны ніхто, і зваць іх ніяк», і пагражалі адзін аднаму карай нябеснай і зямной. Так бы мовіць, вялі інфармацыйную вайну.

Саша Кушнер падпісваў калектыўныя прагоны супраць Цімохі, Галея і «дубайскай чацвёркі», якія адказвалі тым жа. Пры гэтым Кушнер і сам пісаў падобныя прагоны, адрасуючы іх беларускай братве. У адным з іх ён усіх шасцярых канкурэнтаў назваў «нелюдзьмі» і яшчэ вельмі дрэнным словам, за якое ў крымінальным свеце могуць і жыцця пазбавіць. Восенню мінулага года Саша Кушнер «выдаў» чарговае пасланне са згадваннем Галея і «дубайскай чацвёркі».

«Але загубіла Кушнера не знешняя фронда, а ўнутраныя звады, — піша «Прайм Крайм». — Вясной з-за ўзніклых рознагалоссяў наконт касы ад Кушнера адышлі яго бліжэйшыя «сматрашчыя», на якіх арганізацыйна замыкалася ўся братва, і прад'явілі яму прэтэнзіі. 4 мая міліцыя нейтралізавала аднаго з тых, хто адкалоўся — Сашу Шульца, былога «сматрашчага» за Беларуссю, які ехаў на разборку да Кушнера. Пасля гэтага, знайшоўшы спрыяльны момант, да сітуацыі падключыліся грузінскія «хросныя бацькі» зняслаўленых «дубайцаў», і паклікалі Кушнера ў Турцыю. 17 чэрвеня, пасля таго, як Кушнер ў чарговы раз не з'явіўся на сустрэчу, Коба Ахвледзіяні сказаў яму па тэлефоне, каб ён злодзеем не называўся».

Відавочна, што гэтым выпадкам вырашыў скарыстацца Алег Слуцкі, адзіны беларускі «законнік» на свабодзе. Паводле «Прайм Крайм», ён на 5 ліпеня прызначыў Кушнеру сустрэчу, то-бок «забіў стрэлку», каб спытаць з таго за абразы. Разборка павінна была адбыцца ў лесе, з боку Кушнерава ў ёй мелі намер узяць удзел 30-40 чалавек, Муму рыхтаваўся падцягнуць больш за сотню байцоў. Але «стрэлка» не адбылася, здарылася неспадзяванае, але збольшага чаканае.

Алег Герасімовіч Муму.

Алег Герасімовіч Муму.

Гатовых адправіцца на разборку «кушнераўскіх» павязала міліцыя, іх традыцыйна затрымалі для высвятлення асобы і ўсіх адпусцілі. Аднак сярод затрыманых не аказалася правадыра — Саша Кушнер спешна паляцеў у бок Турцыі.

«Прайм Крайм» сцвярджае, што ўся яго брыгада ўспрыняла гэты ўчынак як здраду і ў поўным складзе перайшла на бок Алега Слуцкага. Дзе Кушнер зараз — невядома, але ў Беларусі яго няма. Не выключана, што ў гэтай сітуацыі ён паспрабуе атрымаць падтрымку злодзея ў законе Лолу Гулі, да клана якога ён прыбіўся некалькі гадоў таму і, дзякуючы якому змог аднавіць статус злодзея ў законе. Таксама агенцтва сцвярджае, што злодзеі клана Аніяні-Джангвеладзэ, што знаходзяцца ў Турцыі, нават прызначылі за галаву Сашы Кушнера ўзнагароду — зладзейскую «карону».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?