Святлана Даўгуненка з Воранаўскага раёна працуе аграномам. Год таму яна пераехала рабочую, якая ў працоўны час заснула на дарозе. Рабочая засталася жывая, і цяпер яна хоча няблага зарабіць на гэтым выпадку.
Падрабязнасці гісторыі распавёў «Нашай Ніве» Уладзімір, муж Святланы Даўгуненка.
«Здарылася ўсё ў жніўні 2018 года. Жонка працуе аграномам-садаводам у сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Доцішкі». У той злашчасны дзень яна ехала па садзе на працоўнай «Ніве»: паміж пасадкамі застаюцца тэхналагічныя праезды для тэхнікі. Па іх ездзяць машыны, трактары.
Жонка рухалася павольна, каля 20 кіламетраў на гадзіну.
Паабапал праезда працавалі людзі: выдзіралі траву і кідалі яе ў праезд, у міжраддзе паміж дрэвамі.
А ў той траве, як аказалася, ляжала 32-гадовая рабочая Ганна Жэгздрынь. Проста спала там. І мая жонка пераехала яе на машыне, — узгадвае Уладзімір. —
Жанчына засталася жывая. Адразу ўсе падбеглі да яе, выклікалі хуткую. І першае, што сказала Ганна маёй жонцы: «Прабачце, я сама вінаватая».
Мужчына прызнае, пацярпелая не была п’яная. Але і спала яна не ў абед, а ў працоўны час.
«Падчас працы не забараняецца адпачыць. Але рабочых папярэджваюць: калі стала спякотна, трэба адпачыць, то сядзьце, каб вас бачылі, не сядзіце на праездах», — тлумачыць Даўгуненка.
Прыехалі дактары, кіраўніцтва. Жанчыне аказалі дапамогу і забралі ў бальніцу.
Пазней рабочай дыягнаставалі цяжкія цялесныя пашкоджанні: трэснуў таз, падазравалі траўму мачавога пузыра, але абыйшлося.
«Міліцыя прыехала, калі пацярпелую ўжо забралі дактары. Траву не пабачылі, усю стапталі, бо людзі кінуліся да пацярпелай, аказвалі ёй дапамогу. І ў выніку, следства вырашыла, што травы не было. Хоць сведкі і сцвярджалі адваротнае, — кажа Уладзімір Даўгуненка. —
Пасля мы з жонкай ездзілі да гэтай Ганны ў бальніцу, пыталіся, чым дапамагчы. Яна ўжо наняла адваката і ад дапамогі адмаўлялася, адказвала, што ўсё вырашыць суд».
Суд пастанавіў, што Святлана Даўгуненка вінаватая: магла ўбачыць жанчыну на дарозе, парушыла правілы дарожнага руху.
«Пракурор прасіў 5 гадоў абмежавання волі. Але суд даў жонцы такі вырак: 3 гады абмежавання волі (хатняя хімія), а таксама выплаціць пацярпелай 3300 рублёў за судовыя выдаткі», — кажа Уладзімір. Таксама Святлану Даўгуненка пазбавілі правоў на 5 гадоў.
Але на гэтым гісторыя не скончылася. Па словах Даўгуненкаў, пацярпелая спачатку напісала скаргу: прасіла, каб тэрмін пакарання павялічылі да 5 гадоў і каб адправілі не на хатнюю хімію, а ў калонію.
Пасля пацярпелая Ганна Жэгздрынь падала пазоў на гаспадарку: спачатку хацела 100 тысяч рублёў кампенсацыі, пасля — 50 тысяч рублёў.
Суд пастанавіў, што кампенсацыю яна атрымае — але трошкі зменшыў суму. Пацярпелай прысудзілі 45 тысяч рублёў за маральную шкоду. Прычым вылічваць суму будуць з сям’і Даўгуненка.
«Цяпер мы спрабуем абскардзіць кампенсацыю. Калі адмовяць, прыйдзецца ўтрымліваць гэтую жанчыну», — абураецца Уладзімір Даўгуненка.
Сям’я Даўгуненкай падала апеляцыю на рашэнне Воранаўскага раённага суда.
30 ліпеня Гродзенскі абласны суд разгледзеў гэтую апеляцыю. І ўсплылі нечаканыя факты.
«Выступілі з заявай некаторыя сведкі. Яны расказалі, што сваячка пацярпелай пераканала іх даць непраўдзівыя паказанні на пасяджэннях раённага суда. Тая сваячка абяцала дапамагчы сведкам атрымаць добрую працу ў калгасе. Яны тады пагадзіліся.
А цяпер сведкі прызналі, што схлусілі, папрасілі прабачэння.
Таму рашэнне па апеляцыі пакуль не прынятае, суд працягне разглядаць справу».