Фота: Антон Сергіенка, Радыё «Свабода».
Незарэгістраваных кандыдатаў у Масгардуму Ілью Яшына і Дзмітрыя Гудкова, затрыманых у дзень несанкцыянаванага мітынгу, адпусцілі, піша РБК.
Таксама вызвалілі апазыцыйнага кандыдата Івана Жданава.
Вызвалена і незарэгістраваная на выбары Любоў Собаль, распавялі РБК ў прэс-службе Хамоўніцкага суда Масквы, адзначыўшы, што «там другі матэрыял вернуты ў сувязі з яго непаўнатой для ліквідацыі недахопаў».
«Суддзя павёў сябе дзіўна. Спачатку адхіліў усе мае хадайніцтвы. Адмовіў у допыце сведак. Не пусціў гледачоў і прэсу, па сутнасці зачыніўшы паседжанне. А потым выйшаў і сказаў: у справе шмат невызначаных абставін, разгляд пераносіцца на 30 ліпеня. У выніку я на волі», — напісаў Яшын.
Гудкоў напісаў, што разгляд яго справы перанеслі на 31 ліпеня.
Несанкцыянаваная акцыя ў Маскве пачалася а 14-й. За некалькі гадзін да гэтага пачалі затрымліваць людзей.
Па апошніх звестках «ОВД-Інфо», да 19:00 на акцыі затрымалі амаль 700 чалавек.
Маскоўскае упраўленне МУС у 15:20 паведамляла, што затрыманыя 295 чалавек.
А 20-й гадзіне Яшын паведаміў: «На Трубнай (плошчы) жэсць. Паліцыя збівае людзей, Собаль і Жданаў затрыманыя. Я пакуль на волі».