Пра гэта БелТА распавёў пасол Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных.

«Экстранная аперацыя прайшла паспяхова, наш супрацоўнік знаходзіцца ў рэанімацыйнай палаце, сёння ў абед ён апрытомнеў, і з ім змагла ўбачыцца жонка, — расказаў пасол. - Зараз ён знаходзіцца ў стабільным стане, хоць і цяжкім. Дактары нас абнадзейваюць».

Пры гэтым Андрэй Савіных адзначыў «хуткую і шчырую рэакцыю турэцкіх уладаў на ўсіх узроўнях, уключаючы самы высокі». «Яны аказалі нам разнастайную дапамогу ў гэтай сітуацыі», —заўважыў кіраўнік дыпламатычнай місіі.

Разам з гэтым пасол Беларусі ў Турцыі звярнуў увагу: «Публікацыі ў прэсе, як я разумею, гэта ў асноўным ідзе з некаторых турэцкіх СМІ, на жаль, пачынаюць абрастаць здагадкамі, якія не маюць дачынення да рэальнасці. Таму я заклікаю ўсіх журналістаў да стрыманасці і разважлівасці у гэтую цяжкую для нас хвіліну».

Пасол таксама падкрэсліў: «Мы працуем за мяжой, апынаемся ў розных сітуацыях і стараемся быць гатовымі да любых падзеяў. Гэта частка нашай дыпламатычнай працы і паўсядзённага жыцця».

Як паведамлялася, дарадца пасольства Беларусі ў Анкары перанес напад учора ўвечары, калі вяртаўся дадому з сынам у адзін з жылых комплексаў у сталічным раёне. Яго сусед па доме, адстаўны вайсковец, псіхічна неўраўнаважаны, некалькі разоў стрэліў у дыпламата, пасля чаго скончыў жыццё самагубствам.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння заявіў журналістам, што праводзіцца грунтоўнае расследаванне, якое дасць поўную карціну аб прычынах. Паводле яго слоў, у тым, што адбылося няма ніякай палітычнай подбіўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0