Сёння Міністэрства абароны праводзіла прэс-канферэнцыю для тлумачэння дэталяў новых правілаў прызыву на службу. Чытач «Нашай Нівы» Антон Варонька адрасаваў ведамству наступнае пытанне: 

«Учора стала вядома пра падпісанне прэзідэнтам закона аб змяненні правілаў прызыву, у прыватнасці, аб скасаванні паўторнай адтэрміноўкі для тых, хто працягвае адукацыю на вышэйшых ступенях.

Хутчэй за ўсё, закон будзе афіцыйна апублікаваны на гэтым тыдні, пачне дзейнічаць 4—5 жніўня. Тым не менш, склалася цікавая сітуацыя — прызыў пачнецца (з 1 жніўня) па старых правілах, але працягнецца па новых. У сувязі з гэтым пытанне: ці могуць студэнты, якія на момант 1 жніўня былі залічаныя ў магістратуру, атрымаць адтэрміноўку яшчэ па старых правілах? Напрыклад, калі яны прыйдуць непасрэдна ў першы дзень прызыву з неабходнымі дакументам. Некаторыя парталы ўчора распаўсюджвалі інфармацыю аб тым, што закон не закране тых, хто паступіў у магістратуры зараз. Але, здаецца, гэта толькі іх інтэрпрэтацыя навіны — афіцыйнага каментара не было. Выйшла вось такая блытаніна, якую зараз трэба неяк праясніць».

Яму адказвае кансультант аддзела прызыву на вайсковую службу Міністэрства абароны Андрэй Мурашоў:

«Калі стаў магістрантам, гэта не азначае, што аўтаматычна атрымаў адтэрміноўку. Юрыдычна адтэрміноўку дае прызыўная камісія. А каб стварыць прызыўную камісію, патрэбна адпаведнае рашэнне мясцовых органаў улады, гэта пэўная часавая працэдура. Туды прызначаюцца людзі, складаецца графік іх работы. І ўсё залежыць ад таго, у які дзень і час яна будзе створана. 

Так, 1—2 жніўня будзе дзейнічаць стары закон, а з 5 жніўня — новы. Усё залежыць ад таго, у які дзень і час гэтая прызыўная камісія будзе разглядаць дакументы магістранта: калі будзе працаваць па старым законе, яна дасць адтэрміноўку. Калі па новым, то не дасць. 

Ці можа скласціся сітуацыя, што магістранты Гомельскай вобласці пойдуць у войска, а Віцебскай — не? 

Не, я думаю, што такога не адбудзецца. У нас на практыцы камісіі не раней 10—12 жніўня пачынаюць працаваць. Але немагчыма адназначна сказаць, нават мы не можам сказаць». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0