«Каханак Георгій», так называецца інсталяцыя, з’явіўся ў Берасці некалькі гадоў таму і паступова абрастае новымі дэталямі. То побач з ім з’явіцца капялюшык для манетак, то на 14 лютага Георгій «ажывае». Не так даўно намаганнямі мясцовай мастачкі Ганны Радзько гісторыя Георгія увасобілася ў паўнавартасны арт-аб’ект. Легенду можна прачытаць наўпрост на сцяне дома і вачыма мастачкі ўбачыць, як жа маглі выглядаць героі гэтай гісторыі.

З’яўленне ў горадзе Георгія — гэта даніна адной гарадской легендзе. У пачатку 20 стагоддзя ў доме на рагу вуліцы Крывой (так раней называлася вуліца Дзяржынскага) жыла сям’я Вуйчык. Капітан польскай арміі Анджэй і яго маладая жонка Вацлава, якая была маладзейшая за мужа на 20 гадоў. У яе быў каханак Георгій — малады і дзёрзкі аматар жанчын і свавольніцтваў. У кватэру сваёй палюбоўніцы Георгій трапляў па вадасцёкавай трубе. Акно на другім паверсе вяло акурат у спальню. Аднойчы здрада маладой жонкі раскрылася. Ашуканы муж падпільнаваў Георгія і стрэліў яму акурат у сэрца. Маладая жонка не змагла жыць пасля такога і на наступны дзень прыняла атруту.

Хоць інсталяцыя ўжо добра вядомая берасцейцам, цікавасць да яе не губляецца. Па-першае, таму, што палюбоўнік Георгій той яшчэ моднік. У яго гардэробе некалькі рознакаляровых майтак, кашуль і шкарпэтак. 

Даглядае за Георгіем агенцтва «Бюро святаў». Мы запыталіся ў іх, як часта Георгій мяняе свае ўборы.

«Камплектаў убораў у Георгія шмат. Ёсць афіцыйныя касцюмы для ўрачыстасцяў і асаблівых мерапрыемстваў, ёсць штодзённае адзенне і адзенне для адпачынку. Уборы да каляндарных святаў — Новы год, Дзень святога Валянціна, 8 Сакавіка… У яго ёсць вязаныя шкарпэтачкі на халады і нават касцюм гоншчыка», — распавядаюць у Бюро.

Пераапранаюць палюбоўніка з залежнасці ад надвор’я і настрою калектыву.

«Адзенне Георгія захоўваецца ў офісе, у нас ёсць цэлая шафа толькі для яго», — удакладнілі ў Бюро.

За чатыры гады існавання Георгія з яго знялі майткі толькі адзін раз. І яшчэ напісалі непрыстойнае слова на пятай кропцы.

«Аднойчы нейкі наркаман скраў у Георгія… нагу. Але праз два тыдні нагу вярнуў. Ці то сумленне разгулялася, ці то нага не спатрэбілася. Мы знайшлі яе на падваконні другога паверха», — расказваюць у «Бюро святаў».

Ідэя з манеткамі вельмі спадабалася турыстам, у капялюшыку заўсёды ёсць грошы. Частка гэтых грошай ідзе на корм для офіснага ката Жорыка.

Пакой, у які глядзіць Георгій, з'яўляецца офісам дырэктара івэнт-агенцтва «Бюро святаў». Дырэктар прызнаецца, што прысутнасць Георгія адчувае па сабе. Часам падаецца, што ў пакоі ёсць яшчэ нехта.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?