Расійскі тэлепрапагандыст Уладзімір Салаўёў і апазіцыянер Аляксей Навальны абмяняліся абвінавачваннямі і абразамі пасля публікацыі італьянскага дазволу на жыхарства, які мае Салаўёў і яго дзеці.

Чытайце таксама: У расійскага тэлепрапагандыста Уладзіміра Салаўёва знайшлі дазвол на жыхарства ў Італіі

Пасля з'яўлення фатаграфіі дакумента Салаўёў спытаў у блогера, хто пералічыў яму біткоіны за публікацыю. Навальны адказаў, што «тысячы людзей адпраўляюць ахвяраванні ў ФБК за працу па пошуку яго віл у Італіі, купленых на скрадзеныя грошы».

Вядучы назваў Навальнага ашуканцам і папрасіў расказаць, што ён «тварыў» у былога губернатара Кіраўскай вобласці Мікіты Бялых, а таксама і «сотку», якую «Маша павінна перадаць». Хутчэй за ўсё, Салаўёў меў на ўвазе Марыю Гайдар, якая ў 2009-2011 гадах працавала намеснікам старшыні ўрада Кіраўскай вобласці.

«Хачу ўзяць урок у вас, сіньёр: скажыце, у вас і вашай сям'і ёсць дазвол на жыхарства ў Італіі, краіне, якая ўвяла санкцыі супраць Расіі? Навошта ён вам?» — працягнуў Навальны. Салаўёў адказаў на гэтае пытанне раніцай 23 ліпеня. «Патрэбны для паездак. Статус да мігрантаў дачынення не мае, табе ж адпраўлялі спасылкі з тлумачэннямі», — напісаў ён. Пасля гэтага журналіст папрасіў адказаць на яго пытанні.

Ён таксама стаў патрабаваць ад Навальнага расказаць, «як ад войска па даведцы касіў». Навальны жартаўліва заўважыў, што гэтае пытанне звязана з тым, што сам Салаўёў «не проста атрымаў дазвол на жыхарства ў Італіі, але і запісаўся ў батальён НАТА».

Пазней блогер таксама пацікавіўся, адкуль вядучы 23 ліпеня вёў радыёпраграму «Поўны кантакт» на «Вести FM». «Нават сённяшнюю праграму вялі з Італіі?» — пацікавіўся ён. Салаўёў сапраўды вёў эфір не са студыі, а выходзіў у эфір па тэлефоне. Ён паведаміў, што «знаходзіцца на адпачынку», які ў яго «дробны па пары дзён паміж тэлевізійнымі эфірамі».

Салаўёў і Навальны тролілі адзін аднаго на працягу вечара 22 ліпеня і працягнулі перапіску на наступны дзень. Навальны пытаўся вядучага, які ў сваіх перадачах лае Захад, «ці добра займацца спортам на берагах возера Кома» і ці не заўважае ён паблізу салдат НАТА. Салаўёў парыраваў, што Навальны праводзіць за мяжой «больш часу», чым ён. «І не адчайвайся. Прабяжыш. Галоўнае працягвай трэніравацца. Якія твае гады», — іранізаваў тэлепрапагандыст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?