Беларусі не пашанцавала на горы і скалы, але свой вадаспад у нас усё ж-такі ёсць! Праўда, стварыла яго не прырода, а рукі чалавека. На самай поўначы Беларусі ад Браслаўскіх азёр да Заходняй Дзвіны працякае невялікая рэчка Вята. Яшчэ ў XIX стагоддзі каля вёскі Пруднікі Мёрскага раёна на рацэ быў збудаваны вадзяны млын, а ў пачатку ХХ-га тут працавала цэлая электрастанцыя, якая забяспечвала электрычнасцю папяровую фабрыку Альгерда Аскеркі, а таксама давала энергію Мёрам і ўсім навакольным вёскам.

У пасляваенны час станцыя нікому не была патрэбная і хутка прыйшла ў заняпад. Сёння на тым месцы засталіся толькі рэшткі плаціны, з якой з шумам падаюць патокі вады, расцякаючыся па маляўніча раскіданых камянях. Ночы там фантастычна цёмныя, убачыць хоць нешта без ліхтарыка проста немагчыма. Затое камера, у адрозненне ад вока, можа накопліваць святло і паказаць нашмат больш. Вось так выглядае Мёрскі вадаспад уначы, асветлены толькі зоркамі. Дарэчы, зялёны колер неба — гэта не няўдалае выкарыстанне фаташопа, а рэальны фізічны эфект: наша атмасфера часам сапраўды можа досыць ярка свяціцца зялёным ці чырвоным колерам (праўда, гэты колер немагчыма ўбачыць вокам).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?