Выданне спадчыны Мікалая Улашчыка, які займае пачэснае месца сярод беларускіх гісторыкаў XX стагоддзя, вядзецца ўжо шмат гадоў. Першы том яго збору твораў выйшаў у 2017 г., і вось, нарэшце, можна патрымаць у руках другую, не менш паважную, з увагі на яе памеры і змест, частку.

Мікалай Улашчык быў адным з нямногіх навукоўцаў, чые інтарэсы не абмяжоўваліся адной тэмай ці перыядам, але ахоплівалі ўсю гісторыю Беларусі.

Адзін з тых, хто выжыў з першай плеяды беларускіх гісторыкаў эпохі Адраджэння, прайшоўшы сталінскія лагеры, ён знайшоў у сабе сілы, каб працягваць навуковую дзейнасць. Ён займаўся і беларуска-літоўскімі летапісамі, і выданнем крыніц, і гісторыяй беларускай вёскі.

У новым томе збору твораў — пераважна працы па сацыяльна-эканамічнай гісторыі. Акрамя грунтоўнага даследавання «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. у Літве і Заходняй Беларусі» і вядомага сярод гісторыкаў і этнолагаў нарыса пра родную вёску Віцкаўшчыну, том уключае шмат артыкулаў і рэцэнзій на гістарычныя тэмы.

Мікалай Улашчык быў не толькі вельмі пладавітым аўтарам, але і па тых часах надзвычай адважным.

Не маючы магчымасці вярнуцца на радзіму, дзе яго баяліся і не хацелі бачыць як «нацыяналіста», ды працуючы ў Маскве, ён бязлітасна высмейваў афіцыёзную беларускую навуку, якая займалася рэпрадукцыяй расійскацэнтрычных міфаў з імперскіх часоў.

Нават маючы за плячыма чатыры арышты і гады лагераў, ён, тым не менш, не прапускаў прац, дзе беларусы паказваліся несамастойным народам, а іх гісторыя разглядалася выключна ў кантэксце імкнення да ўз’яднання з рускім народам. «Кожная старонка рукапісу выклікае раздражненне сваім фальшам» — так сканчаецца ягоная рэцэнзія на кнігу пра Беларусь у складзе ВКЛ, якая каля дваццаці гадоў рыхтавалася ў Інстытуце гісторыі АН БССР ды так і не пабачыла свет.

Знакамітая «Віцкаўшчына», першае выданне якой выйшла ў 1989 г. пад назвай «Была такая вёска» ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», нязменна карыстаецца папулярнасцю як лёгкае і займальнае, але ў той жа час і сур’ёзнае чытво пра паўсядзённасць беларускай вёскі канца XIX — пачатку XX ст.

Вёска Улашчыка зусім не адпавядала вобразу той забітай вёскі, які малявалі савецкія гісторыкі: пасля адмены прыгону сяляне там багацелі, будаваліся, куплялі тэхнічныя навінкі, насілі боты, а не лапці, чыталі часопісы ды нават не здагадваліся, што іх чакае ў недалёкай будучыні.

У дадзеным томе праца друкуецца ў арыгінальным варыянце, які істотна адрозніваецца ад першага выдання, без апрацоўкі і скарачэння.

Другі том збору прац налічвае 1280 cтаронак у цвёрдай вокладцы, мае геаграфічны ды іменны паказальнікі.

Інфармацыю пра тое, як набыць кнігу, можна знайсці на сайце Arche.

* * *

Мікалай Улашчык (1 лютага 1906, в. Віцкаўшчына, Койданаўская воласьць, Менскі павет (цяпер Дзяржынскі раён, Менская вобласьць) — 14 лістапада 1986, Масква) — беларускі гісторык, археограф, этнограф, краязнавец, літаратар.

Доктар гістарычных навук (1964). Аўтар навуковых прац па гісторыі ВКЛ, па праблемах летапісаньня, крыніцазнаўства ды археаграфіі. 

Нарадзіўся ў вёсцы Віцкаўшчына, недалёка ад Менску, у сям’і заможнага селяніна.

Навучаўся на сацыяльна-гістарычным аддзяленьні пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Браў актыўны ўдзел у нацыянальным жыцьці Менску, з 1924 году пачаў публікавацца. У 1929 годзе скончыў унівэрсытэт. 

У 1930 годзе на вайсковых зборах Мікалая арыштавалі ў сувязі з справаю так званага Саюзу вызваленьня Беларусі, але фактычна за ягоную працу ў галіне беларускага краязнаўства.

Пасьля суду быў сасланы ў Вяцкую вобласьць. Потым быў яшчэ двойчы рэпрэсаваны, канчаткова быў вызвалены зь лягераў 25 сакавіка 1955 году. 

Пасьля лягераў Улашчык ня меў магчымасьці вярнуцца ў Беларусь, таму пасьля доўгіх пераездаў асеў у Маскве. Працаваў у Маскоўскім унівэрсытэце, а потым з 1955 году ў Інстытуце гісторыі СССР Акадэміі навук СССР. 

Доктар гістарычных навук, аўтар навуковых прац па гісторыі Беларусі часоў ВКЛ, па праблемах летапісаньня, крыніцазнаўства ды археаграфіі.

У сваіх працах Улашчык актыўна супрацьстаяў шавіністычным расейскай і польскай канцэпцыям беларускае гісторыі, даводзячы самастойнасьць Беларусі як гістарычнага суб’екту. 

Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0