Народу можа засціць зрок
Без дай прычыны.
Ды бачыць Божа кожны крок
На звод Айчыны.
У вочы вам адплаты час
Зірне сурова.
Каб дзеці апраўдалі вас —
Вярніце Мову!
Няма пачаткаў і канцоў,
Усё — працяг.
Каб не ўскіпела ў жылах кроў —
Вярніце Сцяг!
Улады сверб, што вас скубе,
І славы сверб —
Пакіньце ўсё сваё сабе,
Вярніце Герб!
Дальбог, пра гэта не са зла
Малюся ў скрусе,
А каб зямля вас прыняла
На Беларусі.





