Павел і Кацярына Белавусы.
— Сёння а 5-й раніцы ў жонкі пачаліся схопкі. А 7-й я адвёз яе ў абласны раддом, а ў 8.00 яна ўжо патэлефанавала і сказала, што нарадзіла, — расказаў «Нашай Ніве» Павел Белавус.
Белавусы жывуць у Валожынскім раёне Мінскай вобласці.
Пабачыць сына тата яшчэ не паспеў: не было з кім пакінуць малодшую дачку Зосю, таму застаўся з ёй дома. Хоць пара рыхтавалася да партнерскіх родаў — заплацілі грошы, прайшлі спецыяльныя курсы. «Але ўсё адбылося вельмі хутка», — усміхаецца Павел.
Сына назвалі Міронам. «Доўга думалі, перабіралі. Спыніліся на Міроне, бо цікавае імя і не надта папулярнае. І гучыць класна: Соня і Роня».
Разам з дачкой Зосяй.
У радзільні Белавусы вырашылі замовіць платную палату. Кажуць, грошы гэта не асабліва вялікія, але большы камфорт. Туды, напрыклад, можа прыйсці тата і пабыць разам з жонкай і нованароджаным дзіцем.
З прымаўкі пра абавязкі сапраўднага мужчыны — пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і нарадзіць сына — Павел выканаў ужо ўсе пункты. Цяпер, заўважае, справа за тым, каб выхаваць сапраўднага беларуса, які будзе працягваць справу бацькі.
— Ёсць легенда пра Мірона, які змагаецца за незалежнасць. У нашай сям’і зараз будзе свой абаронца.





