У адзін з травеньскіх дзён жыхар вёскі Пяскі Лідскага раёна, 34-гадовы работнік мясцовай гаспадаркі, вырашыў парыбачыць. Захапіў вуды, а чарвякоў можна накапаць і бліжэй да месца рыбалкі - напрыклад, каля Нёмана, побач з вёскай Моцевічы.

Здабываючы прынаду для рыб, ён выкапаў з зямлі … ручную проціпяхотную гранату Ф-1, у прастамоўі званую «лімонкай».

Сваю знаходку ён не пакінуў на месцы, а прывёз дадому. А ўжо адтуль патэлефанаваў у адпаведныя службы. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі ў вёску, выявілі, што з гранаты была сарваная чэка. Мяркуецца, што рыбак зрабіў гэта, капаючы зямлю.

На наступны дзень боепрыпас, як мяркуецца часоў вайны, быў знішчаны сапёрамі. Увогуле, добра тое, што добра канчаецца. Аднак паўтараць дадзены вопыт катэгарычна не рэкамендуецца, піша «Лідская газета». Знайшоўшы выбухоўку, не варта чапаць яе, трэба адразу выклікаць міліцыю і сапёраў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0