5 мая на плошчы Леніна ў Брэсце прайшло традыцыйнае кармленне галубоў у знак пратэсту супраць будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода, паведамляе Брэсцкая газета.
Па дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы знаходзілася каля 120 чалавек. За прысутнымі назіралі супрацоўнікі міліцыі ў форме і цывільным, АМАП. Людзей папярэдзілі ў мегафон аб недапушчальнасці парушэння закона аб масавых мерапрыемствах.
«Ці прадоўжацца пратэсты — трэба спытаць у людзей. Усё залежыць ад іх. Я буду сюды хадзіць столькі, колькі хопіць сіл. Я ўпэўнены, што гэты завод перанясуць. Тут трэба задаць пытанне: што яны (улады) будуць рабіць з фактам забруджвання? А тое, што яно наступіць, я не сумняваюся. І што яны будуць рабіць перад выбарамі? Больш пытанняў да іх, а не да мяне», - сказаў адзін з лідараў ініцыятыўнай групы Дзям'ян Лепясевіч.
Сёння пасля кармлення галубоў шэсця не было. Каля 13.05 амаль усе разышліся.