Айсбергі, таму што гэта не тыповыя дамы-скрыні, а незвычайныя архітэктурныя рашэнні фасадаў, якія і праўда нагадваюць айсбергі. Магчымым іх будаўніцтва стала толькі цяпер, калі ў Беларусь прыйшлі еўрапейскія тэхналогіі вырабу зборных жалезабетонных канструкцый.

Дырэктар групы кампаніі «А-100 Дэвелапмент» Святлана Шэўлік і галоўны інжынер прадпрыемства МАПІД Сяргей Шпілеўскі, апярэджваючы першае пытанне, кажуць: «Не, гэта не звычайныя «панэлькі»».

Што мы ведаем пра панэльнае жытло?

Што гэта адносна танна, але не вельмі якасна.

Што ў панэльных дамах холадна і чуваць усё, што робяць суседзі.

І яшчэ тое, што ўсе гэтыя дамы падобныя як дзве кроплі вады. І можна лёгка зблытаць, дзе ты: у Мінску, Кіеве ці Вільні.

Святлана Шэўлік расказвае, што ўсе гэтыя міфы з’явіліся ў савецкі час, калі будаваць трэба было хутка, танна і шмат.

На вытворчасці прадпрыемства МАПІД.

«Але часы змяняюцца, сёння панэльнае жыллё язык не паварочваецца назваць «панэлькамі», бо гэта сучасныя якасныя дамы са зборнага жалезабетону», — кажа Святлана.

Расказаць і паказаць, чым жа панэльныя дамы старога ўзору адрозніваюцца ад тых, якія ўзводзяць сёння, узяўся Сяргей Шпілеўскі.

«Галоўнае адрозненне ў тым, што мы больш не зварваем панэлі паміж сабой. Новая бяззварная тэхналогія дазваляе больш шчыльна мацаваць панэлі адну да адной. Замест звыклай зваркі мы выкарыстоўваем пятлявыя злучэнні і спецыяльныя балты», — расказвае галоўны інжынер.

У 2013 годзе на заводзе МАПІД у Шабанах адкрылі новую італьянскую лінію па вытворчасці жалезабетонных вырабаў. Так пачалася новая эра: МАПІД задаў новыя трэнды і стандарты на ўсім будаўнічым рынку краіны. Новая, сучасная, амаль на 100% аўтаматызаваная лінія дазваляе вырабляць жалезабетонныя канструкцыі практычна любой канфігурацыі, у залежнасці ад праекту. Панэлі, якія ствараюцца на новай лініі, больш даўгавечныя і збіраюцца нашмат хутчэй. Скончыліся тыпавыя дамы, цяпер кожны можа быць адметным.

Сёння прадпрыемства МАПІД цалкам загружана пад выраб панэляў для новых дамоў у Новай Баравой.

Што ж гэта за дзіва-панэлі?

Новыя панэлі больш не ўяўляюць сабой канструкцыю «жалезабетон — уцяпляльнік — жалезабетон». Цяпер яны аднаслойныя. Спачатку дом збіраецца, і толькі потым уцяпляецца. Навешваюцца панэлі, тынкуецца фасад. Такім чынам, швы і стыкі зусім нябачныя.

Ёсць і яшчэ адна асаблівасць: панэлі перакрыцця цяпер не стандартныя на 3,5 метра, а маюць даўжыню 6 метраў. Гэта значыць, што гаспадары новых кватэр змогуць самі вырашаць, якімі павінны быць міжпакаёвыя перакрыцці.

«Калі раней пакупнікоў цікавіла, колькі пакояў у кватэры, ці ёсць асобная кухня, то цяпер усё гэта адыходзіць на другі план. Цяпер усё часцей цікавяцца менавіта кватэрамі-студыямі, дзе кухня знаходзіцца разам з гасцінай. Таму адпала патрэба драбіць кватэру на маленькія пакоі-закуткі. Прынамсі, гэтае рашэнне цяпер могуць прымаць самі гаспадары», — расказвае Святлана Шэўлік.

Вышыня столі таксама нестандартная. Дзякуючы новым панэлям яна можа вагацца ад 2,7 метра аж да 7. Гэта калі гаворка пра двухузроўневыя кватэры.

Яшчэ адна важная адметнасць новых зборных канструкцый у тым, што ў іх павышаная гука- і цеплаізаляцыя.

«Перад тым, як здаць дом, мы ўсе сцены правяраем цеплавізарам, каб быць упэўненымі, што гаспадарам ні з якіх стыкаў і швоў не будзе дзьмуць», — кажа Святлана Шэўлік.

Сяргей Шпілеўскі дэманструе гатовыя пліты.

«Яны амаль дасканалыя. Вам нават нічога не трэба з імі рабіць, яны ідэальна роўныя. Улічваючы, што цяпер вельмі модны стыль лофт, можна проста павесіць на бетонную сцяну карціну — і рамонт гатовы», — кажа галоўны інжынер.

Гэта што датычыцца ўнутранага аздаблення. А знешняга?

«Раней панэльныя дамы забаранялі будаваць на цэнтральных праспектах праз тое, што яны шэрыя і непрывабныя. Сёння са зборных жалезабетонных канструкцый будуюць нават пяцізоркавыя гатэлі. Так што за гэтым будучыня», — падсумоўвае Святлана Шэўлік.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру