У Брэсце з акна інтэрната №4, што на вуліцы Пушкінскай, выпаў студэнт-першакурснік. Хлопец у рэанімацыі.

Першым пра здарэнне паведаміў тэлеграм-канал Нехта.

«Хлопец — сапраўдны беларускі патрыёт, што падабалася не ўсім выкладчыкам і зусім не падабалася мясцоваму БРСМ. Акрамя таго, вучыцца яму было складана — у юнака мелася інваліднасць па зроку. Студэнт выжыў і цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі. Стан цяжкі», — піша блогер Сцяпан Пуціла.

Вядома, што хлопец вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце (больш вядомым у народзе як «педагагічны ўніверсітэт»). У навучальнай установе, як заведзена, гісторыю ніхто не афішуе.

Студэнты каментаваць сітуацыю баяцца, адсылаюць да адміністрацыі. Адміністрацыя па старой традыцыі нічога не каментуе. Намесніца дэкана па выхаваўчай працы Яўгенія Занько паведаміла: «Я адмаўляюся даваць каменты ў тыя дні, калі ў нас гора!».

Праўда, некаторыя студэнты ўсё ж пацвердзілі, што выпадак сапраўды быў. З акна выпаў першакурснік гістарычнага факультэта Фёдар Г.

Фёдар, фота з сацсетак

Фёдар, фота з сацсетак

Хлопец жывы, але знаходзіцца ў рэанімацыі. Абставінаў здарэння суразмоўцы не ведаюць. Хлопец сапраўды меў праблемы са зрокам. Сам ён сірата, жыў у інтэрнаце. Вучыўся на паліталогіі.

На старонцы хлопца сапраўды шмат беларускамоўных цытат. Праўда, студэнты абвяргаюць, што ў хлопца былі праблемы з выкладчыкамі ці БРСМ. Ды і яго сябар кажа, што Фёдар на вучобу ці нейкія праблемы не скардзіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0