«Скралі ці з вечара, ці раніцай 27 красавіка. Ровар дарагі, ён каштуе больш за 100 рублёў. Я ведаю, што такіх у Маладзечне ўсяго 4-5 штук. Я адразу ж напісала абвестку пра гэта ў гарадскую суполку «Укантакце». Канечне, мы спадзяваліся, што нехта ўбачыць ровар і паведаміць нам», — расказвае жанчына.
Але так адбылося, што сваю рэч жанчына ўбачыла ў чужых руках сама.
«Мы жывём у Маладзечне на вуліцы 17 Верасня. І ўжо збіраліся несці заяву ў міліцыю, але вырашылі спачатку па справах заехаць на вуліцу Янкі Купалы, а гэта амаль другі канец горада, і там у краме я ўбачыла жанчыну, якая каціла наш ровар», — працягвае Ганна.
Спачатку жанчына не захацела прызнавацца, што гэта не яе ровар.
«Я стала ў яе распытваць: дзе купілі, за колькі? Яна спрабавала нешта адказваць накшталт таго, што купіла з рук у нейкага мужчыны, а калі я прыстрашыла яе тым, што выклікаю міліцыю, жанчына ровар аддала», — падсумавала Ганна Жукавец.
Сваю рэч жанчына вярнула, таму ў міліцыю звяртацца не стала.