Даследчыцкі недзяржаўны цэнтр EAST апублікаваў аналіз расейскай прапаганды ў Беларусі (PDF) за апошні час. Аўтар даследавання і дырэктар інстытута Андрэй Елісееў каротка пераказвае вынікі:

  • З 2016 года ў некалькі разоў вырасла колькасць інтэрнэт-рэсурсаў, якія рэгулярна размяшчаюць публікацыі пра Беларусь з дэзынфармацыяй, прапагандысцкім наратывам і эпізадычна мовай варожасці — цяпер каля 40 сайтаў даволі актыўныя.

  • За апошнія два гады ў інтэрнэце з'явіўся цэлы шэраг новых актыўных крыніц дэзынфармацыі і мовы варожасці, цалкам прысвечаныя падзеям у Беларусі. Іх цяпер 15.

  • Пачала актыўную дзейнасць паўнавартасная каардынаваная сетка рэгіянальных сайтаў з рэгулярнымі публікацыямі з мовай варожасці ў дачыненні да розных сацыяльных, палітычных, рэлігійных, прафесійных груп насельніцтва Беларусі. Публікацыі выкарыстоўваюць агрэсіўную шавіністычную рыторыку, часам адкрыта ставяць пад сумнеў існаванне самастойнага беларускага этнасу і мовы, дыскрэдытуюць і скажаюць гісторыю Беларусі.

  • Кіраўнікі шэрагу найбольш актыўных крыніц дэзынфармацыі і прапагандысцкіх наратываў па Беларусі, якія пэрыядычна выкарыстоўваюць мову варожасці, звязаныя з расейскай арганізацыяй з вельмі неадназначнай рэпутацыяй CIS-EMO, з грамадзянскай ініцыятывай «Саюз», утворанай у 2018 годзе, а таксама маюць прынамсі ўскосную сувязь з амбасадай Расеі ў Беларусі.

У мінулым даследаванні 2016 года разглядаліся ў асноўным рэсурсы EADaily і Regnum. Цяпер яны трапілі ў лік «крыніц з высокім узроўнем дэзынфармацыі», ды гэтая катэгорыя не «найвышэйшая». У лік «найбольш агрэсіўных крыніц» даследчык залічыў сайты Ross-bel.ru, Teleskop, Sozh, Vitbich, Berestje-News, GrodnoDaily, Mogilew.by, Podneprovie-Info, Imhoclub.by, Dranik і Politring.

Сайты, разгледжаныя ў даследаванні, зьвязаныя праз перадрукі і агульныя рысы: даволі нейтральнае афармленне без адсылак да сімволікі радыкальных груповак, разбаўленне ўласных агрэсіўных матэрыялаў чужымі пазнавальнымі і забаўляльнымі.

Нападкі, у тым ліку заклік да гвалту, накіраваныя на журналістаў недзяржаўных выданняў і незалежных блогераў, прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі і грамадскіх арганізацый, грамадзян празаходніх палітычных поглядаў і тых, хто не прызнае ідэалогію «агульнарускага народу», прыхільнікаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, праваабаронцаў і грамадзян, якія карыстаюцца міжнароднымі прававымі механізмамі.

Рэсурсы сярод іншага прасоўваюць прапановы, напрыклад, размясціць у Беларусі расейскую ядзерную зброю і расейскія вайсковыя базы; увесці ў Беларусі расейскі рубель; увесці крымінальную адказнасць за «распальванне страху за кошт Расеі». На іх публікуюцца заявы аб тым, што нібыта беларуская мова была створаная штучна, беларускі народ — гэта частка расейскага, сапраўдная назва Беларусі — «Заходні край», Захад хоча зрабіць з беларусаў «гарматнае мяса», расстрэлы ў Курапатах маглі рабіць і не бальшавікі…

Даследчык прыводзіць і топ самых абсурдных сцверджанняў і ідэяў «рэгіянальнай сеткі дэзынфармацыі». У ім сярод іншага такія:

  • беларускія чыноўнікі — гэта «пятая калона Захаду» і «аднадумцы гаўляйтараў з МВФ»;
  • сенатар Генадзь Давыдзька — гэта, магчыма, агент Дзяржаўнага дэпартамента ЗША;
  • Расея можа стаць мішэнню для знішчэння русафобамі з Беларусі;
  • ЗША планавалі захоп украінскага Крыма;
  • у абмен на бязвізавы рэжым Еўрасаюз хоча ад Беларусі страты незалежнасці;
  • Еўрасаюз хоча далучыць Беларусь, каб пазбегнуць распаду;
  • у Еўрасаюзе феміністкі цкуюць мужчын, а пускаць жанчыну ў палітыку — гэта глупства;
  • Еўрасаюз — гэта крыніца нацызму;
  • у Польшчы існуе сакрэтны праект «Міжмор’е» па захопе Беларусі;
  • віруса імунадэфіцыту чалавека не існуе.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?