Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Абʼяднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя і рух «За свабоду», 11 сакавіка канчаткова вырашыла, што «праймерыз» (перадвыбары) адзінага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі не будуць абмяжоўвацца толькі вылучэнцамі гэтых структураў — Юрасём Губарэвічам, Мікалаем Казловым і Паўлам Севярынцам, піша Радыё Свабода.

«Мы пакідаем магчымасць далучэння і дадатковых кандыдатаў. Ведаем, што ініцыятыўная група грамадзян Брэста, якая выступае супраць пабудовы ў горадзе акумулятарнага завода, зараз разглядае варыянт свайго ўдзелу ў нашых «праймерыз», — паведаміў Юрась Губарэвіч. — Калі яны так вырашаць, то праблемаў з іхным далучэннем не будзе. Аб пачатку кампаніі мы абвесцім загадзя, каб у патэнцыйных кандыдатаў быў час падрыхтавацца».

Правацэнтрысты не выключаюць далучэння да «праймерыз» і дзвюх дэпутатак Палаты прадстаўнікоў — Алены Анісім і Ганны Канапацкай. Але Анісім пакуль не пацвярджае свайго ўдзелу, а Канапацкая сказала, што пакуль дакладна вырашыла ўдзельнічаць толькі ў новых парламенцкіх выбарах.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна