Злева направа: кандыдаты ў прэм'еры ад сацыялістаў Зінаіда Грачаная, ад «Годнасці і праўды» Андрэй Нэстасэ, ад «Дзеяння і салідарнасці» Мая Санду і ад Дэмакратычнай партыі Улад Плахатнюк. Фота Unimedia.

Злева направа: кандыдаты ў прэм'еры ад сацыялістаў Зінаіда Грачаная, ад «Годнасці і праўды» Андрэй Нэстасэ, ад «Дзеяння і салідарнасці» Мая Санду і ад Дэмакратычнай партыі Улад Плахатнюк. Фота Unimedia.

З 2009 года Малдовай кіравала кааліцыя трох праеўрапейскіх і нацыянальных партый і Дэмакратычнай партыі мультымільянера Улада Плахатнюка. Вынік іх кіравання неадназначны. З аднаго боку, эканоміка расла, і краіна зблізілася з Еўропай. З другога боку, квітнела і карупцыя. Вяршыняй быў вывад мільярда даляраў з малдаўскіх банкаў пры ўдзеле лідара кааліцыі, прэм'ер-міністра Улада Філата. Філата ў выніку пасадзілі на 9 гадоў за карупцыю.

У выніку праз 10 гадоў тры з чатырох партый кааліцыі практычна спынілі сваё існаванне, іх кіраўнікі дыскрэдытавалі сябе. Засталася толькі Дэмакратычная партыя. Яе кіраўніцтва перакупіла вялікую частку дэпутатаў парламента, каб захаваць большасць. Урад цяпер сфарміраваны менавіта ёю.

У сваю чаргу, выбарцы камуністаў (у Малдове гэта еўракамуністы) перайшлі да прарасійскай Партыі сацыялістаў.

16 снежня, за два месяцы да выбараў, дзве самыя папулярныя праеўрапейскія сілы «Партыя дзеяння і салідарнасці» (PAS) былога міністра адукацыі Маі Санду і «Платформа годнасць і праўда» (DA) былога пракурора Андрэя Нэстасэ аб'ядналіся. Дзякуючы гэтаму, яны зрабілі рывок у рэйтынгах. Адзіная палітычная сіла атрымала назву «Зараз — платформа DA і PAS».

Дэмпартыя кантралюе як эканоміку краіны, так і сілавыя структуры. Сацыялістычная партыя карыстаецца падтрымкай Масквы. Платформа «Зараз» атакуе і першых, і другіх.

Выбары 24 лютага ўпершыню праходзяць па новых правілах. Раней дэпутатаў парламента абіралі па партыйных спісах. Цяпер палову будуць абіраць у аднамандатных акругах. Новы прынцып прасунула Дэмпартыя. Яе кіраўнікі разлічваюць правесці шмат аднамандатнікаў з апорай на сваю сетку «моцных гаспадарнікаў». У той жа час па партыйных спісах на перамогу разлічваюць сацыялісты прэзідэнта Дадона. Прэзідэнт у Малдове не мае рэальнай улады.

І Дэмпартыя, і «Зараз» выступаюць за еўрапейскі выбар і супраць Расіі, аднак іх процістаянне можа прывесці да перамогі сацыялістаў.

Выбарчая кампанія праходзіла ў атмасферы ўзаемных нападак і скандалаў. У давяршэнне ўсяго, абое лідары кааліцыі «Зараз» выявілі ў сваім арганізме ртуць. Нехта іх атруціў. Яны вінавацяць у гэтым Дэмакратычную партыю і ўлады.

Як вынікае з сацыялагічных апытанняў, праеўрапейскія сілы атрымаюць больш галасоў, чым прарасійскія. Аднак немагчыма прадказаць расклад мандатаў. Імаверна, пасля выбараў Малдову чакае складаны працэс фарміравання ўрадавай кааліцыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?