Дарослыя п’юць
за здароўе з кілішку,
а потым хістаюцца,
як арэлі.
А мы з Аленкай
каторую лыжку
ямо за ўсіх нашых,
каб не хварэлі.

Сёньня за стол
сядаем бяз крыку:
не хулігань,
ты ж ужо дарослая!
Гэтая лыжка
за цёцю Марыйку,
хай выздараўлівае
твая хросная!

Хатнія ў зборы,
нібы на сьвяты.
Смачна рубаць
макарону зь яечняй.
За дзядзю Ўладзю –
помніш, да таты
прыходзіў такі
барадаты, сьмешны?

Каб не хварэць
ніколі Алене!
Каб не хварэў
ніколі зусім
Бэмбі,
і мама з татам-аленем,
і кот Леапольд,
і каток Максім!

Булкі даволі
і соку даволі.
Татка таксама
злопаў пяльмені.
Апошняя лыжка –
за доктара Волю,
і хай ёй працы
здараецца меней!

* * *

Чытайце штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН творы і мініятуры. Для сэрца, для розуму, для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?