Так шмат наведнікаў прачыталі выстаўлены ўчора верш Караткевіча «Заяц варыць піва», што мы вырашылі зладзіць у рубрыцы «Літаратура» Тыдзень Караткевіча. У гонар ягонага 78-годзьдзя — добрыя і трохі падзабытыя ягоныя творы. Напачатку — «Беларуская песьня». Паслухаць яе ў выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча можна тутака

Дзе мой край? Там, дзе вечную песьню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградзкіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзьвіною, нібы карабель...
Там, дзе сэрца маё зь першым крокам, як молат, заб'ецца,
Калі б нават сьляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сьляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
І бары-акіяны, і неба — разьлівы ільноў.
Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі ня будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціньнем і добрае сонца ўгары.
Там зьвіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца зь зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Ты — наш край. Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх зьнічак густых фасфарычная раць,
Ты — наш сьцяг, што нікому, нікому на сьвеце, нікому
Не дамо абсьмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.
Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
І апошняй ральлёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі ня кінем,
Ня кінем,
Ня кінем цябе.

* * *

Чытайце штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН творы і мініятуры. Для сэрца, для розуму, для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0