На партале dev.by выйшла вялікае інтэрв’ю з Дарафеем Праляскоўскім, праграмістам, які працуе над мапамі.

Дарафей Праляскоўскі. Фота — Андрэй Давыдчык, dev.by

Дарафей Праляскоўскі. Фота — Андрэй Давыдчык, dev.by

Ён паспеў папрацаваць у кампаніі Juno і ўзгадаў і пра свайго сумна вядомага калегу Андрэя Кірыленку.

Кірыленка, які вядзе блог пад нікам «Айсэд», пасля Дня Волі-2018, пажадаў удзельнікам, «каб там нешта ўзарвалі, каб іхнія гнілыя вантробы разляцеліся». Праўда, пасля кансультацыі з юрыстам прынёс публічныя прабачэнні.

Дарафей Праляскоўскі ўзгадвае пра свой сыход з кампаніі і пра Кірыленку наступным чынам:

«Каб растлумачыць, чаму я пайшоў з Juno, варта ўспомніць апошнюю шчырую размову з менеджарам у Wargaming, калі паведаміў яму, што адыходжу і расказаў пра ўсе праблемы на праекце. Ён спытаў: «Што ж ты раней да мяне не прыйшоў?» І я вырашыў, што ў Juno я не буду маўчаць ні пра што, што трывожыць і мяне, і каманду. Буду хадзіць. І ў нейкі момант гэта сфармавала ў вачах кіраўніцтва мой імідж «заўсёды чымсьці незадаволенага» супрацоўніка, якому «больш за ўсіх трэба».

Ёсць рэчы, якія кранаюць усіх, але астатнія хлопцы ў камандзе толькі сумна аджартоўваюцца — ніхто не гатовы сказаць: «Задзяўбло!» І «толькі Дарафей ўсё ходзіць і скардзіцца». Нам усім было некамфортна працаваць з Андрэем Кірыленкам: ён нярэдка дазваляў сабе мат у адрас калегаў, быў нястрыманы. Я і яшчэ адзін супрацоўнік у нейкі момант літаральна ўзмаліліся аб тым, каб на Андрэя неяк паўплывалі, — і нас перавялі ў іншы аддзел. Астатнія моўчкі цярпелі і лаялі за вочы ў курыльні.

Андрэй Кірыленка

Андрэй Кірыленка

Гісторыя з выказваннем, якое дазволіў сабе Кірыленка ў адрас тых, хто сабраўся ля опернага тэатра, думаю, зачапіла за жывое не толькі мяне. Так, я разумею, што Juno «не ўмешваецца ў асабістыя справы сваіх супрацоўнікаў», але мне здаецца, гэта не вельмі добрая пазіцыя для міжнароднай кампаніі. Чалавек зганьбіў яе рэпутацыю, а затым прадставіў ўсё так, нібы гэта «журналісты вінаватыя». Мы чакалі, што ён прабачыцца, скажа нешта накшталт: «Я ўсё зразумеў, нядобра так пісаць …» Але ён толькі напісаў у агульным чаціку пра тое, што яму «шкада, што СМІ накінуліся на нашу кампанію. Не думаў, што будзе такі бэклэш». І ў кампаніі вырашылі: «Кожны мае права на памылку». Але калі б яна была першай.

Мае словы інтэрпрэтаваліся як ныццё. У апошні час мае размовы тэт-а-тэт з дырэктарам і менеджарамі разглядаліся не як спроба паведаміць аб праблеме, каб разам яе вырашыць, а як выпад у стылі: «Мне тут не падабаецца, я звальняюся!» Раз за разам я запэўніваў у тым, што гэтыя размовы ні да чаго не вядуць. Калі я пайшоў развітвацца з хлопцамі, адзін з менеджараў іншай каманды стаў крычаць: «Ён у нас ужо не працуе, глядзіце, каб на кухні нічога не з'еў». Спадзяюся, хоць мацюкальных анекдотаў пра мяне цяпер не расказваюць, як гэта было з некаторымі».

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?