Днямі беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у чарговай сесіі Рабочай групы па прававым развіцці Гаагскай сістэмы міжнароднай рэгістрацыі прамысловых узораў, якая адбылася ў Жэневе.
Беларусь была прадстаўлена начальніцай упраўлення права і міжнародных дамоваў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Таццянай Кавалеўскай.
«Дэлегацыя выступіла з дакладам у падтрымку ўключэння рускай мовы ў лік афіцыйных моваў Гаагскай сістэмы», — паведаміла беларускае МЗС.
Чаму дэлегацыя абрала менавіта такую тэму? Пра гэта «Нашай Ніве» расказала сама Таццяна Кавалеўская.
«Гаагская сістэма існуе для рэгістрацыі прамысловых узораў: адна заяўка падаецца — ахова ў мностве краін. Цяпер там тры рабочыя мовы, гэта англійская французскай і іспанская. Нядаўна да сістэмы далучылася Расія, і гэта выклікае пэўныя цяжкасці — дакументы прыходзяць на трох мовах. А калі ў ліку афіцыйных моваў будзе і руская, то гэта спросціць жыццё экспертаў, ім будзе прасцей весці экспертызы», — сказала Кавалеўская.
Якая нам справа да праблем расійскіх экспертаў?
«У нас руская — адна з афіцыйных моваў. І ў нашай стратэгіі мы прапісваем імкненне далучыцца да Гаагскай сістэмы. Таму калі мы ўступім, а там будзе руская мова, то гэта будзе станоўча і для нас. Экспертам будзе прасцей разглядаць дакументы заяўкі на прамысловы ўзор», — сказала Кавалеўская.
Але ці такія цёмныя ў нас эксперты, што не могуць працаваць па-англійску?
«А вы ведаеце, што ў нашага спецыяліста заробак 300 рублёў? Вы хочаце, каб да нас прыходзілі спецыялісты з веданнем мовы і сядзелі на гэтых грошах, яшчэ і экспертызу праводзілі? Гэта не Парыж, дзе прадавачка на трох мовах гаворыць, у нас вы таксі па-англійску не выклікаеце. Я ніякай крамолы не бачу. Мы проста падтрымалі прапанову рускай дэлегацыі. Там жа і кітайцы паднялі пытанне, што іх мову таксама трэба дадаць. Але, вядома, калі руская мова не будзе прынятая, то будзем працаваць па-англійску», — падсумавала чыноўніца.





