У Бабруйску забілі дзвюх маладых жанчын, адна з якіх паспела паведаміць пра небяспеку ў міліцыю. Яны з сяброўкай зачыніліся ў ванным пакоі, пакуль туды ламіўся іх забойца. 

Чытайце: У Бабруйску забілі дзвюх жанчын. Яны патэлефанавалі ў міліцыю, але выратаваць іх не паспелі

Мо іх і ўдалося б выратаваць, калі б жанчына назвала дакладны адрас — але яны не ведалі, да каго і куды паехалі, справа адбывалася ў спальным раёне.

Бабруйская міліцыя шукала месца падзеі амаль поўным складам, супрацоўнікі правяралі ўсе шматкватэрныя жылыя дамы па вуліцы Лынькова і суседняй тэрыторыі. 

Але вылічыць асобу мужчыны ўдалося толькі пасля праверкі камер назірання ў адной з кавярань, дзе было відаць, як дзве дзяўчыны 26 і 27 год пазнаёміліся з мужчынам і разам з'ехалі.

Чытайце таксама: Падазраваны ў жорсткім забойстве дзвюх жанчын у Бабруйску — хто ён. ФОТЫ

Падазраваны ў забойстве, 36-гадовы А. 

Падазраваны ў забойстве, 36-гадовы А. 

Ужо ідэнтыфікаваўшы яго і месца ягонага жыхарства, удалося знайсці кватэру, дзе адбылася трагедыя.

Нехта ў каментарах да навіны чорна іранізуе, што «калі б шукалі палітычнага, то па званку запеленгавалі б і хутка знайшлі, а тут проста дзеўкі». 

А насамрэч — ці магла б міліцыя значна звузіць сабе кола пошукаў? 

Мы пагаварылі пра гэта з некалькімі супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў, сярод якіх работнікі дзяжуркі і спецыялісты па вышуку і электроніцы. 

«Пачнём з таго, што ў дзяжурках стаяць тэлефоны нават без аўтаматычнага вызначальніка нумара — нельга даведацца, з якога нумара выклік, трэба рабіць запыт у вузел сувязі.

Ніякіх магчымасцяў прыняць выклік па сучасных каналах — тэлеграме ўмоўным ці кантакце — няма. Што рабіць у разе чаго глуханямому чалавеку? Незразумела. Можна падумаць, што і ў канкрэтна гэтым выпадку праз месенджар можна было атрымаць больш удакладняючых дэталяў. Канкрэтна

ў АДС [аператыўна-дзяжурная служба] няма абсталявання, каб «пеленгаваць» фізічнае знаходжанне чалавека, які нам звоніць.

Адразу гэта можа зрабіць, тэарэтычна, дэпартамент аператыўна-вышуковай дзейнасці [ДАВД], але дзяжурныя часці ніякага дачынення да ДАВД не маюць, гэта абсалютна розныя структуры. АДС уваходзіць у Міліцыю грамадскай бяспекі і не можа праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, ДАВД уваходзіць у крымінальны блок. Я мушу прызнаць, што абсталяванне дзяжурак завісла на ўзроўні 80-х гадоў. На Захадзе і ў дзяжурках такое абсталяванне, якое ў нас толькі ў аператыўнікаў і пад грыфам «сакрэтна». Так, гэта дорага. Але чым мы вымяраем дарагавізну? Чалавечым жыццём», — адвёў нам душу супрацоўнік дзяжуркі аднаго з раённых гарадоў. 

Які звычайна механізм пошуку выкарыстоўваецца ў такіх выпадках, колькі трэба часу і якая мінімальная тэрытарыяльная хіба? 

«Гэта будзе 100—500 метраў плюс-мінус, пры ўмове, што работнікі мабільнага аператара будуць на працоўных месцах. І гэта ва ўмовах гарадской забудовы. Словам, будзе вядомая толькі мабільная вежа, якая прыняла сігнал мабільніка — найбліжэйшая да яго. А далей бярэш цыркуль у рукі, праводзіш акружнасць і ножкамі. Гэта класічная схема, так і было зроблена ў гэты раз. А вызначыць паверх у шматкватэрным доме і пад'езд — гэта ўжо не паддаецца вылічэнню», — сказаў нам аператыўнік. 

Каментуючы словы супрацоўніка дзяжуркі аб аператыўным абсталяванні, ён сказаў, што і гэта не панацэя.

«Такое абсталяванне ёсць у абласных гарадах. Колькі трэба часу, каб усё узгадніць і давезці яго ў Бабруйск ва ўмовах, калі лік ідзе на нейкія хвіліны? Пытанне рытарычнае. І зноў жа, яно трохі звузіць квадрат пошукаў, але канкрэтнай кватэры не пакажа», — дадаў ён. 

Яшчэ адзін эксперт сказаў, што ацэньвае дзейнасць калег з МУС станоўча. Ва ўмовах, калі вядома толькі прыкладнае месца, яны дзейнічалі правільна. Яны зрабілі ўсё магчымае, кінуўшы людзей і «ў поле», і на аналіз гарадскога відэа. 

«Гэта толькі ў амерыканскіх баевіках табе пакажуць дакладнае месца адразу на інтэрактыўнай мапе. Але тут мы маем сітуацыю, калі гэтых жанчын не «вялі» мэтанакіравана, не было доступаў да іх геалакацый і гэтак далей. А тут яны рэзка трапляюць у поле зроку… Я б не вінаваціў міліцыю.

Так, на Захадзе тэхзабеспячэнне лепшае, хіба ў метрах менш, адпаведна. Але механізм такі ж самы — вызначаеш соту і далей сам, зыходзячы са сваёй фантазіі, пачуцця і імавернага маршруту», — падсумаваў афіцэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?