18 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. У Беларусі да гэтага свята прымеркаваны Фэст экскурсаводаў, падчас якога бясплатна можна трапіць на самыя разнастайныя ўнікальныя аўтарскія экскурсіі па ўсёй краіне, а таксама ў Варшаве, Празе, Вільнюсе, Львове.

Сёлета Фэст экскурсаводаў пройдзе 21—22 красавіка. Кожны год ён мае свае адметнасці, і дзявяты фэстаўскі сезон не стане выключэннем. Апроч новых незвычайных экскурсій упершыню ў межах Фэста пройдзе Беларуская інтэлектуальная гульня, якая будзе прысвечана тэме гісторыка-культурнай спадчыны і турызму.

Экскурсіі ў межах Фэста запланаваны самыя разнастайныя: дзіцячыя, літаратурныя, роварныя, анімаваныя, экскурсіі-квэсты. Таксама адбудуцца вандроўкі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Падчас Фэста пройдуць цікавыя імпрэзы і майстар-класы.

Сярод еўрапейскіх гарадоў экскурсійныя вандроўкі адбудуцца ў Варшаве, Празе, Львове.

Ідэя Фэста нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей, і з года ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Адбылося ўжо 8 фестываляў, якія наведалі тысячы ўдзельнікаў, прайшлі сотні цікавых разнапланавых экскурсій. За гэты час у Фэста з’явіліся пастаянныя наведвальнікі і шматлікія прыхільнікі, якія з нецярпеннем чакаюць штогадовае свята экскурсій.

Арганізатарамі Фэста экскурсаводаў-2018 выступаюць Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІCOMOS), Беларускае грамадскае аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызме», Грамадскае аб’яднанне «Беларускi фонд культуры».

Падрабязную інфармацыю можна даведацца па тэлефоне +375297762435, а таксама на сайце фестываля festguides.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?