1 красавіка на плошчу Леніна ў Брэсце зноў выйшлі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, паведамляе TUT.BY
Фота: Станіслаў Каршунгоў
Праваабаронца Раман Кісляк налічыў на плошчы каля 80 чалавек. Як і раней, удзельнікі сходу абмеркавалі пытанні будаўніцтва прадпрыемства і разышліся.
Гэтая несанкцыянаваная сустрэча, па словах яе ўдзельнікаў, праходзіла пад пільнай увагай праваахоўнікаў. У двары ля плошчы стаялі аўтазак, а таксама «ўазік» і «газель» без апазнавальных знакаў і пробліскавых маячкоў.
Фота: Станіслаў Каршунгоў
Жыхар Брэста Канстанцін у гутарцы з TUT.BY адзначыў, што за некалькі хвілін да пачатку сустрэчы на плошчы Леніна да яго падышлі двое мужчын «у цывільным». Не назваліся, задавалі пытанні і папярэдзілі, што адбываецца несанкцыянаваны мітынг.
Па словах Канстанціна, ён не ў першы раз прыходзіць на сустрэчу праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.
— Я лічу, што хоця б у адну нядзелю ўлады павінны былі выйсці і пагаварыць з народам. Нас не чуюць. Нам няма да каго звярнуцца, — рэзюмаваў Канстанцін.
Людзі, якія сабраліся правялі на плошчы Леніна каля гадзіны, а затым разышліся. Паводле папярэдніх дадзеных, абышлося без затрыманняў.
Жыхары Брэста і раёна даведаліся пра будаўніцтва завода з прэсы і абурыліся, чаму чыноўнікі Брэсцкага райвыканкама не пацікавіліся іх меркаваннем па гэтым пытанні. Як аказалася, працэдура грамадскіх абмеркаванняў праводзілася яшчэ ў снежні 2016 года. Аднак тады «заўваг і прапаноў» ад грамадскасці не паступіла.
Як адзначаюць праціўнікі будаўніцтва, яны аб гэтай працэдуры нават не ведалі. Галоўнае, што іх турбуе, — ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
З 25 лютага праціўнікі будаўніцтва завода кожную нядзелю выходзяць на плошчу Леніна карміць галубоў у знак пратэсту.
На днях яны раздавалі ў цэнтры Брэста чорныя шарыкі з надпісам «Жыць».
27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Брэста адмовіў у задавальненні пазову аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода. У суд з пазовам звярталася група грамадзян і грамадскае аб'яднанне «Экадом».
Суд Маскоўскага раёна адмовіў у задавальненні пазову, бо «заканадаўства не прадугледжвае магчымасці правядзення паўторных грамадскіх абмеркаванняў пры наяўнасці складзенага ва ўстаноўленым парадку заключэння дзяржаўнай экалагічнай экспертызы».





