Суд Маскоўскага раёна Мінска разгледзеў адміністратыўную справу актывіста «Моладзі БНФ» Арцёма Касаварава, на якога склалі пратакол нібыта за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, паведамляе «Белсат». Актывіст прысуджаны на штрафу.
Фота: Белсат.
Касаварава днём даставілі ў суд Маскоўскага раёна Мінска, аднак праз некалькі гадзінаў чакання яго зноў павезлі ў РУУС, каб дапрацаваць пратакол. Яшчэ праз гадзіну хлопца прывезлі ў суд, пачалося паседжанне.
Паводле Касаварава, учора актывісты «Моладзі БНФ» ішлі па вуліцах Мінска і раздавалі ўлёткі з запрашэннем на дазволены ўладамі мітынг-канцэрт 25 сакавіка ля Опернага тэатру. Праходзячы па вуліцы Гарадскі вал, двое з іх — Арцём Касавараў і Арсеній Дзядок — вырашылі сфатаграфавацца з улёткамі ля скульптуры мінскага гарадавога. У гэты момант да маладых людзей падбеглі 8 супрацоўнікаў міліцыі і затрымалі іх. Патрабавалі выдаліць фота з помнікам.
Арсенія Дзядка міліцыянты адпусцілі, бо ён няпоўнагадовы, а на Касаварава склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП — парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Аднак на словах міліцыянтаў, сказалі актывісты, яго затрымалі за фота з гарадавым. «У РУУС міліцыянты пыталіся колькі грошай мне заплацілі за раздачу ўлётак», — распавёў ён.
Ноч хлопец правёў у ізалятары на Акрэсціна.
Суддзя сцвярджае, што Касавараў праводзіў незаконнае пікетаванне, трымаючы плакат фармата А4 з заклікам на канцэрт 25 сакавіка. Сваёй віны актывіст не прызнае.
Касавараў прысуджаны да штрафу ў памеры 6 базавых велічынь (147 рублёў). Актывіст з рашэннем суду не згодны і будзе яго абскарджваць.





