Томаш Каменда. Фота wiadomosci.gazeta.pl.

Томаш Каменда. Фота wiadomosci.gazeta.pl.

Томаш Каменда быў абвінавачаны польскім судом у згвалтаванні і забойстве 15-гадовай дзяўчыны, здзейсненым у 1997 годзе пасля дыскатэкі ў вёсцы Мілошыцы. Адзіным доказам супраць мужчыны стаў яго волас, знойдзены на шапцы забітай. Пры гэтым 11 сведак пад прысягай пацвердзілі суддзям, што ў дзень забойства Каменда знаходзіўся ў іншым месцы.

Сам абвінавачваны ўсё адмаўляў, а потым даў паказанні, што на дыскатэцы ён усё ж быў. На судзе Каменда адмовіўся ад сваіх папярэдніх паказанняў, заявіўшы, што яны былі выбітыя з яго ў паліцыі пад катаваннямі.

Нягледзячы на ўсе гэтыя абставіны, суд прысудзіў яго да 25 гадоў турэмнага зняволення.

«Я думаў, што не выйду з турмы жывым, таму што мяне збівалі сукамернікі, упэўненыя ў тым, што я забіў непаўналетнюю», — распавёў Каменда журналістам. Ён прызнаўся, што спрабаваў забіць сябе, але яго выратавалі іншыя зняволеныя.

Факты, якія пацвярджаюць недатычнасць Каменды да інкрымінаваных яму злачынстваў, былі выяўленыя спецыяльна створанай следчай групай. У падрыхтаванай следчымі справаздачы сцвярджаецца, што частка доказаў, праз якія Каменду адправілі за краты, была сфальсіфікаваная.

«Калі пацвердзіцца, што нявінны чалавек правёў у сценах турмы 18 гадоў, то супраць тых, хто дапусціў такую фатальную памылку, павінна быць распачата следзтва», — пракаментаваў сітуацыю міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра.

Інфармацыі пра магчымую выплату Томашу Каменду кампенсацыі за гады, праведзеныя за кратамі, пакуль не паступала.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?