Дэвід Флойд, якога ў Вялікабрытаніі называлі адным з самых кампетэнтных экспертаў па СССР, у 1950-я гады быў злоўлены на шпіянажы на карысць Масквы. Аднак замест турмы ён адправіўся ў Daily Telegraph.

Як паведамляе газета Times са спасылкай на рассакрэчаныя звесткі МЗС Вялікабрытаніі, былы карэспандэнт Daily Telegraph Дэвід Флойд, які лічыўся адным з галоўных брытанскіх экспертаў па палітыцы Крамля, адзін час працаваў на савецкую выведку. Гэта высветлілася ў 1951 годзе, калі Флойд працаваў у Foreign Office. Тады ўлады Злучанага Каралеўства выкрылі двух высокапастаўленых супрацоўнікаў у МЗС - Гая Берджэса і Дональда Макліна (абодва збеглі ў СССР).

У МЗС Вялікабрытаніі наладзілі праверку, і Флойд, які доўгі час працаваў у пасольствах у СССР, Чэхаславакіі і Югаславіі, прызнаўся, што ў канцы Другой сусветнай вайны перадаваў сакрэтную інфармацыю савецкім прадстаўнікам. Тады ж высветлілася, што падчас прыёму Флойда на працу ў Лондане не ўлічылі той факт, што, быўшы студэнтам у Оксфардзе, той агітаваў за камуністаў.

У Foreign Office меркавалі, што Флойд мог перадаваць сакрэтную інфармацыю і падчас працы ў Празе і Бялградзе, аднак вакол яго не сталі падымаць скандал, палічыўшы, што доказаў недастаткова. Флойда звольнілі з МЗС, аднак у рассакрэчаных дакументах ёсць згадка, што дыпламатам зацікавілася разведка МІ5, «якая вырашыла знайсці яму працу». Ужо праз некалькі месяцаў Флойд уладкаваўся ў Daily Telegraph, кіраўніцтва якой, як высветлілася пазней, працавала на брытанскія спецслужбы.

Флойд памёр у 1997 годзе, захаваўшы ў таямніцы скандал пачатку 1950-х. Яго жонка ў інтэрв'ю Times сказала, што нічога не ведала пра мінулае мужа.

Гісторык Джонатан Хаслам з інстытута ў амерыканскім Прынстане лічыць, што ў МЗС Вялікабрытаніі схавалі інфармацыю аб здрадзе Флойда, бо не хацелі, каб аб гэтай гісторыі даведаліся амерыканцы. У Вашынгтоне маглі раззлавацца, што занадта шмат людзей у замежнапалітычным ведамстве Вялікабрытаніі працавалі на Маскву, што пашкодзіла б двухбаковым адносінам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?