Хрысціянскія дэмакраты спрабуюць зарэгістравацца ўжо 20-ы раз.

Кіраўніцтва Аргкамітэта па стварэнні Партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) атрымала адказ з Міністэрства юстыцыі за подпісам намесніка міністра І.Тушынскага на сваю заяву аб рэгістрацыі БХД, пададзеную 22 студзеня 2018 года.

У адказе паведамляецца: у сувязі з тым, што Мінюсту патрэбныя дадатковыя дакументы для прыняцця рашэння, Міністэрства «прыпыняе дзяржаўную рэгістрацыю БХД на 1 месяц».

Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі лічаць такія дзеянні незаконнымі. «Мінюст абавязаны выносіць сваё рашэнне, згодна закону, на працягу месяца пасля падачы дакументаў аб рэгістрацыі палітычнай партыі — а значыць, зараз. Ніякіх законных прычынаў, каб адкладваць або «прыпыняць» рэгістрацыю БХД няма», — лічаць яны. 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты падавалі дакументы на рэгістрацыю партыі БХД ужо сёмы раз, агульная колькасць спробаў зарэгістраваць грамадскія, абласныя, маладзёвыя хрысціянска-дэмакратычныя аб’яднанні перавышае дваццаць. Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе хрысціянскія дэмакраты не маюць рэгістрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0