Суд Цэнтральнага раёна Мінска вырашыў, што ў справе Андруся Козела шмат нявысветленых акалічнасцяў. Таму Козела адпусцілі, а матэрыялы разгледзяць яшчэ раз пазней.
Анлайн з пасяджэння вёў тэлеканал Белсат.
Андрусь Козел
Удзень 18 лютага Андруся Козела гвалтам вывелі з выбарчага участка №27 у Мінску.
«Я вёў прамую трансляцыю з участку. Маўчаў, да камісіі не падыходзіў. Супрацоўнік праваахоўных органаў не змог матываваць сваю забарону на здымку», — распавёў на судзе Козел.
Козелу загадалі перастаць здымаць і прыбраць тэлефон. Ён адмовіўся, папрасіў удакладніць — на якой падставе нельга здымаць?
Тады старшыня камісіі папрасіла вывесці яго з памяшкання. Што міліцыянты і зрабілі.
Пасля Козела адвезлі ў аддзяленне, ноч ён правёў за кратамі.
19 лютага адбыўся суд.
«Прапаршчык Дубінскі нанёс мне каля 3 удараў па галаве, пасля біў па спіне і нырках. У выніку дзеянняў міліцыянтаў я ўдарыўся галавой аб дзверы і разбіў шкло», — расказваў Козел у судзе.
Міліцыянт Дубінскі даў паказанні, што журналіст сам упаў на падлогу, чым і нанёс сабе цялесныя пашкоджанні. Гвалт, кажуць, не прымянялі, а шкло Козел выдавіў нагой.





