У Карэліцкім раёне непрышпіленага кіроўцу выкінула з перакуленай машыны — хлопец загінуў, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Трое хлопцаў і дзяўчына адпачывалі ў бары. А трэцяй гадзіне ночы яны паехалі ў гарадскі пасёлак Мір. Падчас снегападу кіроўца дапусціў з'езд у левы кювет. Там машына перакулілася. Ніхто з тых, хто знаходзіўся ў салоне «Пежо», не быў прышпілены. Кіроўцу выкінула з машыны. Ад атрыманых траўмаў 21-гадовы хлопец памёр на месцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён быў цвярозы.
Пацярпелі таксама два пасажыры. Хлопец і дзяўчына з рознымі траўмамі шпіталізаваны.





