Валерый Білібуха з вёскі Кабакі Бярозаўскага раёна другія выбары запар перамагае на сваёй акрузе ў выбарах у Першамайскі сельсавет.
Валерый Білібуха. Фота svaboda.org.
«Супраць яго вылучалі ветэрынара і вялі кампанію паклёпу, але сфальсіфікаваць не здолелі: былі сябры БНФ у абедзвюх камісіях. У раённы савет падлік ідзе дагэтуль, там супернікам з’яўляецца начальнік чыгункі», — пракаментаваў «НН» абранне Білібухі сустаршыня Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.
Валерый Білібуха працуе вальшчыкам леса. У Бярозаўскім раёне ён карыстаецца вялікай павагай. У аргкамітэце БХД Валерый ад 2013 года. Далучыўся да хадэкаў на хвалі змагання з наступствамі «свіной чумы». Прыязджаў да Паўла Севярынца ў Куплін, калі той сядзеў у Пружанскім раёне на «хіміі».





