Урывак з рамана Генрыха Далідовіча «Свой дом» часопіс «Маладосць» упершыню апублікаваў да 70-годдзя БССР, якое адзначылася ў 1989 годзе.

«Свой дом» быў заключнай часткай трылогіі «Гаспадар-камень», у якой пісьменнік паказваў узнікненне сучаснай беларускай дзяржавы. Кніга выйшла пазней, ажно ў 1992-м. Беларускія нацыяналісты ў ёй — усе пад псеўданімамі. Але там шмат таго, што за Машэравым было б сенсацыяй.

Нацыяналісты ў Далідовіча хоць і «няправільныя людзі», але не абсалютнае зло. І, самае галоўнае, яны паўстаюць у рамане як рэальная сіла, здольная дзейнічаць і перамагаць. Асабліва добра гэта відаць у сцэнах, якія апісваюць усё яшчэ малавядомыя лютаўскія падзеі 1918 года ў Менску. Адступленне бальшавікоў, вайсковая самаарганізацыя і фарміраванне Народнага сакратарыята.

Пра тое, як гэта выглядала на практыцы, ёсць нават вельмі дэталёвы артыкул на Вікіпедыі. Але ў спасылках — спрэс польскамоўныя працы. Нават у некаторых працах пра Язэпа Лёсіка ці Кастуся Езавітава «вызваленне Менска» ўпамінаецца мімаходзь. Здаецца, гэта невыпадкова.

Рамантыка грамадзянскай вайны, якой не было

Савецкім гісторыкам не дазвалялася прызнаваць беларускі нацыяналізм сілай, здольнай арганізаваць узброенае супраціўленне «уладзе рабочых і сялян». Адсюль вынікала, што ў Беларусі не было грамадзянскай вайны. Савецкая прапаганда не стварыла беларусам постаці, роўнай Пятлюру: беларусы былі «самай вернай савецкай нацыяй».

Далідовіч радыкальна парушыў гэтую завядзёнку. Багата пазычаючы ў савецкіх даследчыкаў (перадусім — у Круталевіча), ён дапоўніў апісанне падзей 18—21 лютага кінематаграфічнай рамантыкай. Падпольныя яўкі, турэмныя паўстанні і ўцёкі, паролі — і Кастусь Езавітаў, які рыхтуецца бараніць губернатарскі дом зусім адзін, узброены кулямётам.

Пісьменнік прапануе свой вобраз менскага падполля. Яно ўтварылася пасля снежаньскага разрыву паміж Вялікай радай і ўладамі Заходняй вобласці. У «Сваім доме» паказваецца падзел нацыянальных актывістаў: нехта перайшоў на нелегальнае становішча, нехта стварае вайсковыя адзінкі, працуе ў выканкаме Рады з’езда.

Частка гэтых «радыкалаў» (некаторыя сябры вайсковай рады) была арыштаваная ў канцы студзеня. Іх падазравалі ў падрыхтоўцы захопу ўлады ў Менску пры падтрымцы Украіны.

Іншыя актывісты дзейнічалі надалей у межах спантаннага пагаднення з Леніным і Сталіным, дасягнутага ў канцы лістапада 1917-га. У рамане яны працуюць у савецкіх установах, напрыклад у школах. Іх прымае Ландар: ён ветлівы і даверлівы да «браткоў-беларусаў», суцяшае іх: «Пра вас думае Ленін, вамі займаецца Сталін».

Да 18 лютага становіцца ясна, што абласныя Саўнаркам і выканкам мусяць «даць лататы». Далідовіч малюе анархію, учыненую ў горадзе контррэвалюцыйнымі элементамі. Да іх належаць беларускія і польскія нацыяналісты. На баку першых дзейнічаюць работнікі-чыгуначнікі: яны не даюць паравоз для эвакуацыі «абласнікоў». Ідуць перамовы; беларусы патрабуюць, каб Мяснікоў і Ландар пакінулі ім грошы. Мяснікоў выстаўляе сустрэчны ультыматум і пагражае расстраляць Менск з гармат; беларусы саступаюць.

У ноч з 18 на 19 лютага Мяснікоў і таварышы выязджаюць на ўсход. Між тым, з турмы ўцякаюць раней арыштаваныя ветэраны нацыянальнага руху. Яны далучаюцца да падполля: адбываецца сустрэча на адной з явак у Траецкім прадмесці. (У сапраўднасці, першыя нарады адбываліся ў доме пісьменніка Лявіцкага, вядомага пад псеўданімам Ядвігін Ш.) Серада прапануе зрабіць сядзібай беларускай улады Губернатарскі дом — «так нам загадвае сам лёс». Там спачатку размяшчаецца «Беларуская камендатура»; Езавітаў сам робіць адпаведную шыльду:

Раскусіў аловак, вызваліў таўставатую чырвоную сарцавіну, затым перабраў на стале паперы, знайшоў чысты аркушок і пачаў выводзіць:

«Б Е Л А Р У С К А Я К А М Е Н Д А Т У Р А».

Неўзабаве над будынкам упершыню ў гісторыі будзе вывешаны нацыянальны сцяг.

Ва ўспамінах Езавітава ключавая роля ў арганізацыі гэтых падзей прыпісваецца выканкаму Цэнтральнай вайсковай рады; таксама ў Латышонка. У рамане Далідовіча ўсё адбываецца, хутчэй, нефармальна, увогуле стыхійна.

Мы мала чаго ведаем — усё яшчэ — пра асабістыя адносіны ў нацыяналістычным кіраўніцтве. Далідовіч вылучае групу ветэранаў руху, напрыклад Лёсіка (нар. 1883). Але рэй у Лютаўскім паўстанні вядуць Янка Аўторак (папраўдзе Ян Серада, нар. 1879) і Баравік (Тамаш Грыб, нар. 1895). Да гэтай жа кагорты варта аднесці прэм’ера Язэпа Варонку (у рамане — Васілевіч, нар. 1891) і каменданта і сакратара вайсковых спраў Езавітава (1893).

Вось як Далідовіч паказвае развязанне «кадравага пытання»:

Якраз яны [гаворка пра Грыба і Сераду] на снежаньскім з’ездзе зайгралі на першай скрыпцы, а на днях, пачуўшы пра наступленне Доўбар-Мусніцкага і немцаў на Мінск, у глыбокай тайне нават ад некаторых сваіх складалі спіс Народнага сакратарыята Беларусі — па іхніх словах, «урада, які цяпер мусіць абараняць інтарэсы дэмакратыі». Задумалі мець ва ўрадзе 20 міністэрскіх пасад, але і самі, а пасля ўжо на сходзе ў спрэчках і барацьбе здолелі зацвердзіць толькі 15 пасланцоў ад розных партый. Той-сёй, асцерагаючыся няяснай будучыні, і сам адмовіўся ўвайсці ў Народны сакратарыят, захацеў адысці ад палітыкі і перачакаць трывожны час.

Такім чынам, утвараецца Народны сакратарыят. Паралельна адбываецца рэальнае перайманне ўлады ў Менску. Езавітаў не толькі вешае шыльду на Губернатарскім доме: ён рассылае атрады па горадзе, каб узяць пад кантроль — у найлепшых традыцыях савецкіх наратываў аб рэвалюцыйным захопе ўлады, — «асноўныя мінскія ўстановы, а таксама электрастанцыю, дэпо, крамы, пошту і тэлеграф».

Латышонак апісвае ход падзей да гадзіны ўвечары 19 лютага. Ён звяртае ўвагу на тое, што з вайсковага гледзішча «вызваленне Менска» не адрознівалася маштабнасцю. У хаосе ўцёкаў усяго сотня чырвонаармейцаў бараніла савецкую ўладу.

Між тым, у Менску беларусы — не адзіная і хіба не самая моцная групоўка.

Найбольшую пагрозу складаюць палякі. Яны хутка арганізуюцца і ўзбройваюцца. Адбываюцца сутычкі; але пагроза з боку бальшавікоў прымушае польскую міліцыю ўстрымацца ад вырашальнага ўдару. Езавітаў заключае ўгоду аб падзеле Менска на дзве часткі: у горадзе дзейнічаюць беларускі і польскі каменданты. Беларусы чакалі падмацавання з Віцебска, пасылалі цягнікі па беларускія атрады на Румынскім фронце; палякі спадзяваліся на помач ад Доўбар-Мусніцкага. Процістаянне ў горадзе працягвалася:

…Еўзікаву [Езавітаў] з дружынамі ўдалося адцясніць атрад Абадзінскага за Даўгабродскую і Каломенскую вуліцы. Перагароджваюць шлях Доўбар-Мусніцкаму да цэнтра барыкадамі.

Іншая групоўка, з якой мусілі паразумецца беларусы, быў заможны гарадскі клас. Менавіта гэтае рускамоўнае і рускакультурнае асяроддзе панавала ў думах і земствах. Сацыяльны і культурны профіль гэтай групы быў зусім іншы проці «беларускай прафесіі». Далідовіч паказвае гэта; напрыклад, вось як разважае Лёсік:

…ніколі не быў ва ўладзе, не ведаў яе сілы і смаку, дык і не мог пераламаць сябе на іншы лад. Храбрыўся, а ў душы нейкі прыкры шашаль усё еў печань: куды і чаго ты, мужык, лезеш?! Ты ж не які-небудзь Ванштэйн [былы старшыня Менскае думы]; той сядзеў ужо ў кіруючым крэсле, дык і мае права зноў прагнуць руля!

З гэтай групай беларусы ўваходзяць у палітычны альянс. Лідары думскай і земскай палітычных супольнасцяў кааптуюцца ў новыя прадстаўнічыя ўстановы, перадусім у Народны сакратарыят. Яны бяруць удзел у складанні Устаўной граматы: Вайнштэйн, напрыклад, прапануе, каб у тэкст былі ўключаныя гарантыі для нацыянальных меншасцяў. Менавіта дума і земства бяруць на сябе фінансавае забеспячэнне дзейнасці новага ўрада і цалкам прызнаюць яго: «Па-першае, цяпер якраз вы ў сіле, а па-другое, я за тое, каб мы ўсе разам фарміравалі беларускую дзяржаву».

Гэта была вялікая перамена для «велікарускіх эсэраў і меншавікоў, каго дасюль аж трэсла ад злосці толькі ад аднаго слова «беларускі».

Беларуская буржуазія і беларуская ўлада

За мітуслівым расказам аб барыкадах, паролях і баявых дружынах у рамане хаваюцца дзве важныя рэчы. Пра іх даволі рэдка гавораць, таму варта акрэсліць іх тут, нават калі толькі пункцірна.

Па-першае, гэта вялікая праблема з буржуазіяй. Дазвання дыскрэдытаванае за савецкім часам паняцце можа «перакладацца» з «партыйных догмаў» у рэальную практыку сацыяльнага гуртавання; гэта паспрабаваў паказаць Далідовіч.

Што-нішто з ягонага літаратурнага досведу было добра вядома раней. Напрыклад, матэрыяльная беднасць «Нашае Нівы» і беларускага нацыяналізму ў цэлым. Далідовіч нідзе пра гэта не кажа наўпрост, але апісанне побыту беларускіх нацыяналістаў прымушае засумнявацца ў тэзісе пра «буржуазны характар» БСГ ці БНР. Такія замалёўкі ёсць ува ўсіх трох раманах трылогіі.

Рэфлексійнае здранцвенне, укладзенае Далідовічам у плынь свядомасці Лёсіка-Лашковіча, з’яўляецца выдатнай праявай гэтай логікі класавага падзелу. Буржуазны габітус не пытае, «куды і чаго ты, мужык, лезеш», ён выхаваны ведаць загадзя, што ён зможа ўсё, на што ягоная ласка.

Такая розніца ў светапоглядзе мае матэрыяльнае абгрунтаванне. Гэта выказаў, напрыклад, Латышонак. Польская перавага ў Менску 19—21 лютага (беларусы займалі абарончыя пазіцыі) вынікала з іхнае прыналежнасці да прывілеяваных, пануючых груп. Проці беларускае, польская меншасць мела куды большы эканамічны, сацыяльны і культурны капітал.

Сёння, калі паняцце буржуазія губляе ранейшыя адмоўныя канатацыі, з яго можна зрабіць інструмент разважання. Далідовіч у 1989-м не меў іншага выйсця, ён мусіў паказаць Скірмунта не проста антысаветчыкам, а яшчэ і антысемітам. Ужо ў 1995-м Ігнаценка пісаў спакайней: «Даверыцца сацыялістычным партыям буржуазія не магла». У гэтай немагчымасці даверыцца хаваецца шмат рэчыва аб мабілізацыі рэсурсаў, аб эфектыўнасці прадстаўніцтва і аб паспяховым удзеле ў будучыні.

Аб эфектыўнасці прадстаўніцтва трэба сказаць больш. Гэта толькі сёння, з гледзішча абстрактных схем аб вечных этнасах, якія існуюць містычна і адраджаюцца немінуча, рэпліка Езавітава да выпадковага дзецюка-мінака можа здацца нечым натуральным:

Па рыле бачу і па голасе чую: беларус, — усміхнуўся Еўзікаў. — Дык вось што, зямляча: я — новы гарадскі камендант і начальнік гарнізона. — Павысіў голас. — Загадваю: тут жа ўступіць у народную армію і абараняць Бацькаўшчыну.

Але з гледзішча сацыялогіі можна асцярожна запытаць: якія шанцы меў Езавітаў, каб ягонае выказванне аб беларускай уладзе і абароне бацькаўшчыны займела матэрыяльную сілу. Як сталася (калі сталася), што гэты дзяцюк сапраўды далучыўся да новай, беларускай, міліцыі?

Варта ўспомніць адно дапушчэнне з класікі. Каб словы мелі перфармацыйную моц — каб яны маглі эфектыўна змяняць рэчаіснасць, — той, хто іх чуе, мае быць падрыхтаваны адпаведным чынам загадзя. Езавітаў, які побліз Губернатарскага дома прамаўляў да дзецюкоў ад імя беларускае ўлады, практычна «правяраў» іхную падрыхтаванасць да гэтай улады. Ці чулі яны ўпярод такі прыметнік — «беларускі»? На якой мове мог звярнуцца да іх Езавітаў? Як доўга яны заставаліся ў тых дружынах?

Што ж, калі яшчэ Дунін-Марцінкевіч мусіў тлумачыць сялянам, што такое бацькаўшчына; а вельмі пераканаўчы «здымак» гэтак наструненай мадэрнасці падаў колісь Андрэй Федарэнка, у рэдкай для беларускай літаратуры гістарычнай рэфлексіі «Нічые».

Што дужа ўдалося Далідовічу — схапіць момант нараджэння адной новай сталіцы. У лютым 1918 года ў Менску ўжо была пэўная палітычная традыцыя, лакалізаваная ў гарадскім ландшафце. Ейным «цэнтрам сілы» быў Губернатарскі дом — і нездарма туды ідуць беларусы, якія мерацца прадстаўляць новую краіну.

Яшчэ тры гады таму немцы са здзіўленнем даведаліся пра існаванне Беларусі і беларусаў; а вось як іх сустракала Захар’еўская вуліца:

Пайшлі. Да блізенькай Багадзельнай — насупраць, на гмаху Польскага банка вісеў бела-чырвона-белы сцяг. Такія ж сцягі вунь па ўсёй цэнтральнай Захараўскай вуліцы.

Ад Грыба да Далідовіча. Урокі 18 лютага

Гэтыя фантазіі — як мора Алеся Загорскага: у іх не патануць і з іх не напіцца. Вельмі салёная вада.

Тут рупіць яшчэ сказаць крыху пра саму трылогію, пра Далідовіча. Але не надта выпадае. Хай будуць пакінутыя некаторыя спасылкі: вось эсэ раманіста пра БНР і ССРБ/БССР, якое выйшла ў 2002-м. У ім пераважная ягоныя думкі пра 1917, 1918 і 1919: ён, напрыклад, не любіць Фрунзэ. Але можна знайсці што-нішто пра сам раман: хто даў пратаколы, як ён расстараўся славутым здымкам Народнага сакратарыята і пад. Руціна самадзейнай гістарычнай палітыкі ў эпоху шэрых калідораў і каляровых кніг.

На «Беларускай палічцы» можна знайсці першы раман трылогіі — «Гаспадар-камень». У ім — вёска і Вільня, «Наша Ніва» і збіранне фальклору, настаўніцтва і добры дзядзька-бальшавік. Там жа «Свой дом» даступны як аўдыякніга.

Ёсць яшчэ вартае інтэрв’ю Скоблы з Далідовічам. Вартае хіба ў адмоўным сэнсе: там суцэльныя захапленне, любоў і гордасць за зробленае. Часам здаецца, што ў гэтым беларускім самаздавальненні бракуе нечага важнага.

18—21 лютага, «дні ўстанаўлення Народнага сакратарыята ў Менску», нечаму вучаць. Яны высвечваюць каланіяльную задуху, якая пануе ў беларускай культуры. Што бывае, акрамя працы над ідэямі, праца іншых відаў. Гэта быў бы Грыб, аўтар выразу «Лютаўскае паўстанне». А вось з рамана Касцюкевіча «План Бабарозы»: «аддавалі перавагу … рэфлексіі перад дзеяннем».

Хай бы, можа, не аддавалі? Ёсць пра гэта ў П’ера Бурд’ё (у кантэксце неаліберальнага капіталізму ён казаў пра «чэмпіёнаў дзеяння і чэмпіёнаў рэфлексіі»); ёсць і ў якога-небудзь Сяргея Ушакінаbetween subjectivity and agency, between an ability to reflect and the possibility to act»).

У захапленні літаратурным словам як «найвастрэйшай зброяй» столькі рыззя; «поэт в России больше, чем собак». Далідовіч паказвае, што бывае, калі сітуацыя прымушае паэтаў збіраць паўстанне. І як з гэтага нічога не выходзіць: палітыка і паўстанні — не самы ўлюбёны занятак расцярушанае «нацыі паэтаў».

Паэтычна — гэта абвясціць незалежнасць. І хай сабе гэтая незалежная дзяржава потым жыла, нібыта жыць не збіралася.

Не зацікавіцца кааперацыйным рухам і штодзённасцю суполак БСРГ, а напісаць процьму прац пра літаратараў і дыскурс, — таксама вельмі паэтычна.

Або выдаць чарговае эсэ пра БССР і БНР, а не аб працы з беларускім нацыяналізмам у фінальны час застою.

Не спытаць пра фінансавую дынаміку адроджанае «Нашае Нівы» і ейны выхад у інтэрнэт, а нудзіцца пра Борхеса, рэпутацыю і мараль, — безумоўна, суцэльная паэзія.

Можа, «Свой дом» варта так прачытаць. Шматузроўневы раман пра габітус. Ціхі прывет у Калеж-дэ-Франс; Bourdieu's Secret Admirer in the Marsh. Напамін, што разам з працай над ідэямі павінна быць праца над рэчамі і праца над людзьмі. І што для перамогі недастаткова выехаць да месца бітвы — трэба яшчэ даехаць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?