Перамовы па газе ідуць няпроста, праблема сёння вырашана напалову. Пра гэта дэпутатам у Палаце прадстаўнікоў паведаміў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, піша Tut.by.

Ён адзначыў, што красавіцкія дамоўленасці з Расіяй дазволілі поўнасцю вырашыць праблему з нафтай, але перамовы па газе аб формуле цэнаўтварэння на 2020—2024 гады працягваюцца.

Сямашка нагадаў, што ў гэтым годзе газ Беларусь купляе па 143,6 даляра за тысячу кубаметраў, у 2018 годзе кошт складзе 129 даляраў, у 2019 годзе - 127 даляраў за тысячу кубаметраў.

«Мы вядзем перамовы на прадмет формулы цаны на 2020—2024 гады, каб да 1 студзеня 2025 года выйсці на адзіны рынак газу і нафты, гэта значыць цана на газ на мяжы Беларусі павінна быць на ўзроўні цаны газу для Смаленскай вобласці. Сёння яго кошт у 2-2,1 разу вышэйшы», - адзначыў Сямашка.

У выніку, адзначыў першы віцэ-прэм'ер, нягледзячы на інтэграцыйныя працэсы, беларускія вытворцы купляюць газ істотна даражэй за расійскіх канкурэнтаў, і «немагчыма гаварыць аб роўнай канкурэнцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0