Прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў. Фота un.org.
Генеральная Асамблея ААН 19 снежня прыняла рэзалюцыю па правах чалавека ў анексаваным Крыме. За гэта прагаласавалі 70 краін, супраць — 26, устрымаліся — 76. Супраць рэзалюцыі галасавала Беларусь разам з Бурундзі, Балівіяй, Сірыяй, Зімбабвэ, Вэнэсуэлай і іншымі краінамі, піша Радыё Свабода.
У дакуменце ўтрымліваецца патрабаванне да Расіі выканаць часовыя меры рэкамендацый Міжнароднага суда ААН. Гаворка ідзе пра адмену забароны Меджліса крымскататарскага народа і забеспячэння навучання на ўкраінскай і крымскататарскай мове ў Крыме.
Міжнародныя арганізацыі прызналі анексію Крыма незаконнай і асудзілі дзеянні Расіі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных санкцый.
Расія адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».





