Каб паглядзець на сваё дзіця ў касцюме зайчыка ці сняжынкі, у адной са школ Маладзечна бацькі мусяць заплаціць адзін рубель дваццаць капеек, паведамляе «Рэгіянальная газета».
Пракаментаваць сітуацыю папрасілі дырэктара школы Каліну Капуцкую:
«Нічога страшнага і жудаснага я ў гэтым не бачу, — кажа дырэктарка, — ранішнікі ў школах платныя даўно. Кожная школа мае права аказваць платныя адукацыйныя паслугі. Паказ канцэрта — гэта таксама выхаваўчая праца калектыву нашых педагогаў. Таму і ўстанавілі сімвалічны кошт рубель і дваццаць капеек».
Каліна Віктараўна кажа, што адпаведны прэйскурант на паслугі школа атрымала ў аддзеле адукацыі Маладзечанскага райвыканкама.
«Грошы мы не збіраем, як мне давялося пачуць, а ўсё афіцыйна прабіваем праз касу. У цэнтры дзіцячай творчасці «Маладзік» уваход на ранішнікі каштуе 5 рублёў, у Лядовым палацы — 25. Пра іх кошты бацькі ж не ўзрушаюцца?» — пытае кіраўнік адукацыйнай установы.
Паводле дырэктаркі, сабраныя грошы пойдуць на пашыў касцюмаў, на тое, каб напоўніць мех Дзеда Мароза цукеркамі, сувенірамі, якія атрымаюць дзеці падчас ранішнікаў і на салодкі стол для ўдзельнікаў канцэрта.
Ільготы ж для шматдзетных сем'яў і сем'яў, у каторых выхоўваюцца дзеці-інваліды, кажа дырэктарка, будуць. Яна мяркуе, што падобныя аплаты ўвядуць і іншыя школы.
***
На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.





