Гэты чалавек кіраваў ТАА «АльфаТрайпл», ТАА «ТрайплГруп», ТАА «СССР» і яшчэ шэрагам кампаній. Цяпер 26-гадоваму сісадміну з Мінска, які на яго працаваў, пагражае да 10 гадоў зняволення.

У канцы снежня 2016 года мінчук Мікіта Кіжлай убачыў аб’яву, што нехта ІП Кавецкі шукае сісадміна для працы з сайтамі. Заробак абяцалі невялікі — 100 рублёў, але Кіжлай зацікавіўся, бо падпрацоўка не лішняя.

Кіжлай схадзіў на сумоўе. Здаецца, працадаўца і работнік задаволілі адзін аднаго.

Мікіта Кіжлай.

Мікіта Кіжлай.

Дамовіліся, што Мікіта мусіць займацца рэдагаваннем ужо існуючых сайтаў 080.by, breneran.by, kedroff.by, xalva.by і таксама створыць два новыя сайты. Замаўляў працу 39-гадовы Станіслаў Кавецкі.

«3 студзеня 2017 г. паміж мной і Кавецкім Станіславам Баляслававічам была заключана дамова падраду, першыя грошы я атрымаў у сярэдзіне студзеня 2017 года ў памеры 99 рублёў 94 капейкі — гэта была аплата за студзень», — узгадвае Кіжлай.

Пасля ў лютым заключылі яшчэ адну дамову падраду, яе Кавецкі таксама аплаціў.

Затым Кіжлай працягваў займацца сайтамі, ад Кавецкага паступалі заданні, але ж дамовы больш не падпісваліся. За сакавік і красавік грошай Кіжлаю, па яго словах, таксама не далі. «На пытанні Станіслаў Кавецкі адказваў, што заняты на нейкай будоўлі, не мае часу, але дамовы нібыта ўжо ў бухгалтара і, як толькі знойдзецца вольны дзень, усё будзе падпісана і аплачана», — сцвярджае Мікіта Кіжлай.

Так цягнулася да чэрвеня. У вольны час Кіжлай пагартаў Грамадзянскі кодэкс і зацікавіўся артыкулам 666, згодна з якім падрадчык, калі працадаўца не плаціць, можа прытрымаць вынікі працы і маёмасць заказчыка, якой карыстаецца. Вось Кіжлай і вырашыў «прытрымаць» сайты Кавецкага. Мікіта змяніў паролі адміністратара і павесіў на стартавыя старонкі сайтаў заглушку з надпісам: «Сайт часова недаступны, заплаціце сістэмнаму адміністратару».

Пасля Кіжлай пачаў чакаць званкоў ад заказчыка. Але іх не было. Па словах Кіжлая ён спрабаваў сам звязацца з Кавецкім, але безвынікова. Тады Кіжлай увогуле заблакаваў сайты, зрабіўшы так, каб яны не загружаліся.

Але ж у канцы чэрвеня сайты аднавілі працу. Хутчэй за ўсё, Кавецкі зрабіў гэта праз хостара. Раззлаваны Кіжлай тады цалкам выдаліў сайты з хостынгу. Рэзервовыя копіі захаваў на сваім жорсткім дыску.

Пасля гэтага 4 ліпеня Кавецкі ўсё ж выйшаў на сувязь. Ён паабяцаў, што падпіша дамовы за тры вясновыя месяцы і заплаціць 300 рублёў. З Кіжлая ён папрасіў распіску, што таму аддалі грошы, той пагадзіўся.

«Я напісаў распіску, адправіў яе Кавецкаму С.Б. па электроннай пошце і 24 ліпеня 2017 году паехаў да яго ў офіс (ён мне патэлефанаваў і запрасіў мяне). Планаваў атрымаць грошы за сваю працу. Аднак замест выплаты ў офісе мяне чакалі супрацоўнікі міліцыі, якія запрасілі мяне ў Маскоўскае РУУС Мінска», — распавядае Мікіта Кіжлай.

Па яго словах, Кавецкі казаў міліцыі, што Кіжлай не працуе на яго, але з невядомай прычыны ламае сайты і патрабуе грошай. Пасля размовы з міліцыяй Кіжлая адпусцілі.

Мікіта збіраецца пісаць на свайго заказчыка заяву пра паклёп і прысваенне інтэлектуальнай маёмасці. Але пакуль што на самога Кіжлая распачата крымінальная справа. Ён на волі, але пад падпіскай. Яго вінавацяць у несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі з карыслівых прычын, у камп’ютарным сабатажы. Максімальнае пакаранне па апошняму артыкулу КК — 10 гадоў.

Сам Кіжлай вінаватым сябе не лічыць.

«Я не вымагаў грошы, а хацеў атрымаць заробленае, не больш. Лічу, што дзейнічаю законна і кіруюся палажэннямі Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу, Кавецкі падмануў мяне», — упэўнены Кіжлай.

Няўжо ж той працадаўца сапраўды настолькі несумленны? «Наша Ніва» пацікавілася асобай Станіслава Кавецкага.

Станіслаў Баляслававіч Кавецкі меў дачыненне да цэлага шэрагу фірмаў. Прычым, усе з гучнымі назвамі: ТАА «Спецваенкантракт», ТАА «АльфаТрайпл», ТАА «ТрайплГруп», ТНК Альфа. Нягледзячы на назвы, як да чыжоўскага «Трайпла», так і да ваенных кантрактаў яны дачынення не маюць, а займаюцца адным і тым жа — продажам абсталявання для саўн, продажам катлоў, печаў, альтанак і прыладаў для барбекю.

Цікава, што розныя агрэгатары водгукаў аб працадаўцах адразу выдаюць прозвішча Кавецкага. Водгукаў мала, але ўсе яны выключна негатыўныя. Былыя супрацоўнікі скардзяцца на нявыплаты грошай і падман з боку былога начальніка.

Але шмат чаго пра Кавецкага могуць расказаць не толькі яго былыя супрацоўнікі. Добра памятае Станіслава Баляслававіча і кіраўнік аднаго з мінскіх СТА Андрэй.

«Ён падаваў на нас у суд у 2015 годзе. Гісторыя была феерычная, у 2014 Кавецкі прыгнаў да нас старую машыну з кучай праблем, каб адрамантаваць. І знік. Машына як стаяла, так і стаяла, мы вырашылі за яе не брацца, калі гаспадар не прыходзіць. А праз год ён аб’явіўся, заявіў, што мы цяпер мусім сплаціць яму грошай за тую машыну і купіць новае аўто, — узгадвае Андрэй. — Кавецкі пайшоў у суд, але прайграў. Пасля абскарджваў рашэнне, але суд быў на нашым баку».

Акрамя таго, Андрэй падчас суда высветліў цікавы момант. Дырэктарам адной з фірмаў Кавецкага працаваў чалавек, знаёмы Андрэю.

«Хлопца звалі Аляксандр Г., мы яго добра ведалі. Ён прыходзіў часам да нас на СТА, бо жыў нездалёк, мы яго падкармлівалі, аддавалі старое адзенне, ён часам у нас прыбіраў. А пасля высветлілася, што ён дырэктар нейкага ТАА у Кавецкага, — расказаў «Нашай Ніве» Андрэй. — Сам той Аляксандр быў, канечне, задаволены, расказваў нам, што Кавецкі яму «снікерсы» дае».

«Наша Ніва» звязалася з сям'ёй Аляксандра. Яго брат пацвердзіў — у Аляксандра сапраўды праблемы, цяпер вырашаецца пытанне аб атрыманні ім 2 групы інваліднасці і нават аб пазбаўленні яго дзеяздольнасці.

«Нейкія суды калісьці можа і былі, я не памятаю. Пра дырэктарства сказаць нічога не магу — я тады не ведаў дзе і што робіць Аляксандр», — паведаміў брат.

А сёлета Кавецкі судзіцца з мінскай будаўнічай кампаніяй «ДарімСтрой». «Ён паставіў нам матэрыялы для лазні. У дамове была прапісана дзікая пеня — 1% за дзень — але мы не звярнулі ўвагі,

бо планавалі аддаць грошы хутка. Але ўсё выйшла зусім не так, — расказалі «Нашай Ніве» ў кампаніі. — Да якасці матэрыялаў былі пытанні. Мы хацелі іх замяніць, але Кавецкі знік. У выніку, мы замянілі матэрыялы за свой кошт, але не змаглі вырашыць пытанне з Кавецкім наконт матэрыялаў і грошай, бо з ім немагчыма было звязацца.

Сам жа Кавецкі аб’явіўся толькі праз месяцаў 5 з паведамленнем, што падаў у суд, каб спагнаць пеню».

Кіраўніцтва ААТ «ДарімСтрой» запэўнівае, што не супраць аддаць Кавецкаму грошы за матэрыялы, і прапанавала яму гэта ў судзе, але ён настойвае, што хоча пеню. Сума сёння — каля $5 тысяч і працягвае расці. 

Але і гэта яшчэ не ўсё. У 2016 годзе ў Станіслава Кавецкага была яшчэ адна справа: пра ўхіленне ад сплаты падаткаў.

Самога Кавецкага знайсці няпроста. Яго асабісты тэлефон адключаны.

Нумар ААТ «Спецваенкантракт» не існуе. У кампаніі «АльфаТрайпл» слухаўку падняў мужчына, які прадставіўся Сямёнам. Ён адмовіўся называць сваю пасаду і папрасіў больш не званіць, бо «Кавецкі тут больш не працуе».

Тым часам беглы пошук выдае ажно 3 кампаніі, якія ў розны час былі зарэгістраваныя ў Смаленску. Адна пад назвай ТАА «СССР» займалася вытворчасцю хімічных рэчываў, другая — ТАА «Трайпл» — будаўнічымі працамі. Трэцяя, «Інтеко» — і будаўнічамі працамі, і гандлем будматэрыяламі. Ва ўсіх заснавальнікам пазначаны нехта Станіслаў Баляслававіч Кавецкі.

Праўда, праз дзень пасля званкоў на «АльфаТрайпл» Кавецкі сам пазваніў у «Нашу Ніву» — чамусьці са схаванага нумара.

Кавецкі сцвярджае, што Кіжлай хлус.

«Са снежня па сакавік Кіжлай працаваў па дамове падраду. Рабіў нам сайт тры месяцы. Атрымліваў па 100 рублёў у месяц. Вясной 2017 года мы разарвалі з ім дамову, бо ён не паспяваў рабіць тое, што трэба. З вясны ён нічога не рабіў, а летам заблакаваў 10 нашых сайтаў — паралізаваў усю працу, — кажа Кавецкі. — І проста на экране напісаў: я хачу грошы, плаціце грошы, я аднаўлю сайты. Мы запрасілі яго ў офіс, ён сказаў, што больш так рабіць не будзе. Мы пайшлі з ім у банк, заплацілі яшчэ яму грошай (100 рублёў), ён напісаў распіску. Праз тыдзень заблакаваў яшчэ два сайты — яшчэ захацеў грошай. І што нам было рабіць?»

Па словах Кавецкага, сёння ўсе яго кампаніі, ані ў Мінску, ані ў Смаленску, не працуюць. «АльфаТрайпл» фінансава-гаспадарчай дзейнасці не вядзе (праўда, пры званках журналіста ў «АльфаТрайпл» таямнічы Сямён настойліва пытаўся, што хацелі б купіць).

Сёння Станіслаў Кавецкі, па яго словах, адзінокі іпэшнік, які прадае ацяпляльнае абсталяванне. Але далей размова з ім набыла сюрэалістычнае адценне.

Які ў ІП Кавецкага сёння сайт? Як знайсці, калі трэба будзе набыць абсталяванне?

«Я ні аб чым даваць справаздачу не магу, не маю права, праўда?»

Ці была ў самога Кавецкага судовая справа за ўхіленне ад сплаты падаткаў?

«Незразумелая інфармацыя. Недакладная. Кіжлай вас падманвае».

Ці можа Кавецкі расказаць падрабязней пра суд з СТА?

«Я так разумею, у вас іншых справаў няма, знайшлі смеццевую яму, якая называецца Мікіта Кіжлай? Калі ў чалавека гаўна шмат, больш чым галава, гэтае гаўно цяпер вылазіць. Трэба напісаць пра Кіжлая, што яму пагражае да пяці гадоў!»

А што з судом з кампаніяй «ДарімСтрой»?

«10 судовых справаў выйграў ІП Кавецкі. Зразумела гэта? Даўжнік не плаціць грошы, што тут незразумелага».

А хто той Аляксандр Г.? Ці быў ён дырэктарам чагосьці?

«Калі гаўна шмат у чалавека, ён будзе даставаць гэтае гаўно і спрабаваць абмазаць ім іншага чалавека, каб таму было горш». «Ужо баліць галава. Гэта непрафесійна. Як толькі з’явіцца нейкае гаўно, у любой газеце — я праз дзень буду ў Рэдакцыі!» — пагражаў нам па тэлефоне Кавецкі.

* * *
Увогуле, да многіх нашых суразмоўцаў у гэтай гісторыі ёсць пытанні. 

Што Мікіту Кіжлаю забараняла пракансультавацца з юрыстамі ці праваабаронцамі перад блакаваннем тых сайтаў?

Але маем тое, што маем. А кропку ў гэтай гісторыі паставіць суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?