На бізнэс-форуме «Усходняга партнёрства» ў Таліне адзіным дакладчыкам ад Беларусі аказаўся экс-кіраўнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала. Карэспандэнт tut.by вырашыў даведацца, чым зараз займаецца стваральнік беларускай «Сіліконавай даліны».

Фота: Дар'я Буракіна для probusiness.by.

Фота: Дар'я Буракіна для probusiness.by.

2 сакавіка Валерый Цапкала быў вызвалены ад пасады дырэктара дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій», якую ўзначальваў з моманту стварэння ў 2005 годзе.

На форуме ў Таліне экс-кіраўнік беларускага IT-цуду быў прадстаўлены як бізнэс-кансультант. У гутарцы з карэспандэнтам ён сказаў, што не прывязаны да аднаго месца працы, выступае экспертам і займаецца кансалтынгам.

Улетку з'явілася інфармацыя, што Валеры Цапкала кансультуе ўлады Узбекістана па развіцці ІТ-сектара. У гэтым годзе прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў распарадзіўся стварыць у краіне Інавацыйны цэнтр па падтрымцы распрацоўкі і ўкаранення інфармацыйных тэхналогій Mirzo Ulugbek Innovation Center.

Цапкала пацвердзіў, што ўрад Узбекістана праявіў цікавасць і запрасіў яго падзяліцца досведам. Аднак ад іншых каментароў адмовіўся.

Як адзначыў Валерый Цапкала падчас выступу ў Таліне, «нашым краінам на працягу 5—10 гадоў трэба ўзгадаваць ІТ-сектар, потым гэты рынак будзе вельмі складаным для ўваходу, якімі цяпер з'яўляюцца аўтамабілебудаванне і фармацэўтыка». Беларусі «пашанцавала, што 10 гадоў таму яна выйшла на гэты рынак». «Тады, груба кажучы, яшчэ і мабільных тэлефонаў не было, а камп'ютары былі вельмі дарагімі. Але гэта быў адзіны сектар, дзе можна было канкураваць з той жа Германіяй. Для выхаду на ІТ-рынак патрэбны толькі камп'ютар. А ў астатнім вы спаборнічаеце мазгамі. Тры слупы поспеху ІТ у Беларусі: адукацыя, адукацыя і яшчэ раз адукацыя», — лічыць экс-кіраўнік ПВТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0