Вялікае журы прысяжных, скліканае ў ЗША спецпракурорам Робертам Мюлерам, у пятніцу ўхваліла першыя абвінавачванні ў расследаванні меркаванага ўмяшання Расіі ў амерыканскія выбары. Пра гэта паведамляе Сі-эн-эн і пацвярджаюць крыніцы іншых СМІ, паведаміла Бі-бі-сі.

Суразмоўцы тэлекампаніі Сі-эн-эн удакладнілі, што той, каму выстаўленыя абвінавачванні, ужо ў панядзелак можа апынуцца пад вартай. Аднак да гэтага часу незразумела, супраць аднаго або некалькіх фігурантаў гэтыя абвінавачванні выстаўленыя.

У чым іх сутнасць, таксама пакуль невядома. Афіцыйныя каментары Сі-эн-эн атрымаць не ўдалося.

Мюлер быў прызначаны спецпракурорам ў маі, каб правесці расследаванне магчымага ўмяшання Расіі ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе, на якіх перамог Дональд Трамп. Гэта адбылося пасля таго, як Трамп звольніў дырэктара ФБР Джэймса Комі.

У пачатку жніўня Мюлер склікаў федэральнае вялікае журы прысяжных.

У пятніцу ключавыя юрысты, якія ўдзельнічаюць у расследаванні Мюлера, былі заўважаныя ў федэральным судзе, дзе засядае журы. Журналісты заўважылі значную актыўнасць, але не змаглі атрымаць афіцыйныя каментары.

Газета The Wall Street Journal са спасылкай на людзей, знаёмых з сітуацыяй, пацвярджае, што па меншай меры аднаму чалавеку ў пятніцу было выстаўлена абвінавачванне ў рамках расследавання спецпракурора Мюлера. Гэты чалавек можа быць узяты пад варту ў панядзелак, таксама кажуць крыніцы выдання, яго асобу высветліць не ўдалося.

Агенцтва Ройтэрз са спасылкай на сваю крыніцу удакладняе, што ухваленае вялікім журы заключэнне было апячатана па загадзе федэральнага суддзі. Таму яго сутнасць і прозвішча абвінавачанага можна будзе даведацца ў панядзелак, калі будзе адчынены пакет.

У студзені спецслужбы ЗША заявілі, што Расія ўмешвалася ў выбарчую кампанію ў 2016 годзе, спрабуючы спрыяць абранню Трампа і паразе яго суперніцы Хілары Клінтан. Былы дырэктар ФБР Мюлер павінен высветліць, ці меў дачыненне да гэтага сам Трамп і людзі з яго атачэння.

Раней Трамп і Крэмль катэгарычна адпрэчвалі падазрэнні ў тым, што паміж імі магла быць змова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0